Асабліва трымцела сэрца ад гармоніі вячэрні – калі адымаеш цёплае цела кларнету ад балючых вуснаў, і першы ўдар звону са званьніцы на другім беразе Пляцу Волі – безь пяці шэсьць! – зьбівае табе дыханьне й перакоўвае дзень у вечар, і раптам усплывае зь Нямігі, адбіваецца ад сьценаў, рассыпаецца і напаўняе чашу плошчы хмельным, як прычасьце, залацістым сьвятам родны Петрапалыч.
Апошнім часам ён усё часьцей чуў шоргат і сіпеньне. Штосьці вусьцішнае. Глухое падземнае рэха, глыбокае вуркатаньне, трубу першага анёла, водгалас рыку, ад якога сьвет імгненна старэў і рабіўся попельна-серабрыстым. У пранозным скрогаце шахты ліфта ў Веранікі на Слабадской; у вентыляцыях ваннай і прыбіральні, дзе перадсьмяротна выдыхае вецер, пакуль ты сьцінаеш уласнае ненавіснае цела; у самотным і дзікім п’яным крыку ў двары апоўначы; або, наймацней, ува ўчорашнім пачварным рыгу над бліскучай, вогненнай чашай з крывёю і хлебам… І нямее душа, і жахаецца, што таемны падземны ход вядзе зь ягонага вуха проста ў ашчэраную пашчу пекла.
Госпадзе, што ж гэта за Новы год… Канец сьвета. Заўчора выперлі з Кансерваторыі – за сістэматычную непасьпяховасьць ды ўдзел у анархісцкіх акцыях. Ты разьдзяўбай з кучаравымі льнянымі валасамі, унікальным музычным слыхам, небясьпечны для грамадства, і цяпер маеш даведку. Канчаткова рухнула персьпектыва дудзець у срэбную дудку ўсё жыцьцё, пакуль не дасі дуба. Учора палез на ліхтар на Плошчы евангелізаваць п’яное быдла, за што дабрэнна адгроб, уратавалі мянты. Заблытаўся са сваімі дзевачкамі. У выніку – гіганцкая пустка ўнутры.
Ісіхія. Хочаш пачуць Бога – маўчы.
Ты ўжо шмат чуў у сваім жыцьці, Ян Ясны, але такое – першы раз. Трэба вызначацца, хто ты, адкуль ты і ці гатовы ты хоць кудысьці ісьці.
Раптам рыпнулі цяжэнныя дзьверы Сабора. Шаўкавіста скалыхнулася ад ветру пурпуровая тканіна ў алтары за царскай брамаю. А рэха рыпеньня – пранізьлівае, сьвідруючае – пракацілася па ўсёй прасторы, рухнула проста ў вушы і закіпела ў памяці… Нібы вялікая гара, вагнём распаленая, абвалілася ў мора…
Што гэта? Горн? Можа быць, сігнальны горн… Далёкі роў акіяну з самага мысу Горн?
Пабудка, будзіць беларусаў? Гэта і ёсьць адказ?
Што, мае рацыю Леў, гэты шалёнага выгляду, глыбока дышучы незнаёмы пажылы анёл?.. Госпадзе, адкажы… Адкажы тут і цяпер, куды нясе мяне гэты Сабор, мой любы стары вальнадумец, мой Петрапалыч…
Залаты карабель плыве па Нямізе, рэнесансавы – збудаваны тады, калі ліцьвіны бралі Маскву і елі адзін аднаго ў Крамлі, абложаныя апалчэньнем… Храм Статкевічаў, Агінскіх, Трызнаў і Рагозаў, ненавісна праваслаўны для месьцічаў-вуніятаў…