Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Павел Севярынец
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2017
isbn: 978-617-7599-15-8
Скачать книгу
што млелі ад уласнай полавай сьпеласьці ды кішэлі дробнымі звадамі дзеля пахвалы папоў, мацней, чым сьпёрты дух, пракісаньне праваслаўя ў самапраслаўленьне, аддушынай якога быў для яго толькі хор…

      А што ж цяпер? Дзеля якой цяпершчыны ён даўся з манастыра насьцеж – у трубны глас сьвету? Каб у сваім чорным скураным плашчы, нібы Нэа з “Матрыцы”, штовечар употай падлічваць ва ўніверсаме “Рублёўскі” ці хопіць яму на булачку зь ёгуртам?

      …Так, цік, так, сьцьвярджальна зацокала ў прытворы, дзьверы ахнулі, сьвечкі страпянуліся, агеньчыкі ледзь не пагасьлі, гатовыя пырснуць наўцёкі. Сэрца затрымцела, і цела затрымцела цалкам.

      І цокат, цокат абцасікаў, каторы разьбіваў ягоную сьветлую цішу, і пачынаў чаканіць рытм сэрца, і працінаў высокай танальнасьцю жыцьцё… Сэрца цікала ў такт, ці то хуценька й пабежна, з прыдыханьнем, мурашкі па скуры, ці то лёганькім дотыкам, стукам у дзьверцы – тук, тук, тук – а то і моцным стрэлам з тугога, сьмяротнага грэху, лука наскрозь, працятым ад пацалунку да прасьціны, зьбіваючы дыханьне да шалу – так, як Алеся, ягоны боль і сорам!..

      Ці не яна гэта прыйшла шукаць яго, недаступнага абанента, ў саборы, і ці не яе сапрана анёла, пералівістае, бруістае, ён пачуе зараз, ці не яе позірк, шэравокі, дакорлівы і патрабавальны, пад грацыёзна прыўзьнятымі броўкамі, прымусіць яго апускаць вочы – на прыпухлы, дзіцячай пяшчоты, раток, на грудкі, якія глядзяць у розныя бакі, на трохі расстаўленыя стройныя ножкі – усё, створанае дзеля яго… і яе тонкая псіхічная арганізацыя таксама.

      Уладныя абцасы бліжэй, ясьней, мацней. Якая цяжкая выкшталцонасьць, ён увесь сьцяўся ў юначым прадчуваньні, аж заплюшчыў вочы, ну тут жа Леў…

      – Э-э, скажыце, а гдзе ў вас тут… ну, эта… неупиваемая чаша?

      Нізкі альт, цётка гадоў пяцідзесяці, ржавыя фарбаваныя, бігудзямі закручаныя валасы.

      Слаба паказаў рукой – там.

      Яне, Яне… Дзе ж яна, твая любая, лёгкая і вытанчаная Воля…

      Нікому, Ян, чуеце, нікому не аддавайце сваёй волі, казаў яму на споведзі айцец Рыгор – шэптам гарачым, адчайным, і тонкія хвалістыя валасы ягоныя дрыжэлі ля самых вуснаў. Нават калі гэта святар, епіскап ці, страшна сказаць, патрыярх. Бог не забірае ў вас свабоды паступаць як хочаш – значыць, і ніхто іншы ня мае права. Духоўны гвалт – від гвалту самы жудкі. Прымус, маніпуляваньне, законьніцтва ў дачыненьні да чалавечага сэрца – суць закваска фарысейская. Вакол такога поўна, у тым ліку і ў царкве – і, можа быць, найперш у царкве. Знаеце, ўсё гэта змаганьне зь іншаслаўнымі… геямі… калдунамі… усё гэтае шуканьне д’ябла паўсюль… знаеце, насьцярожвае. Вы хочаце волі, я бачу. Беражыце волю. Хто б там што ні казаў, знаеце – гэта для чалавека галоўны дар Божы.

      Вольная воля – гэта ўсё, што мне трэба. Я выбіраю волю, я выбіраю неба. І прыпеў: мама – анархія, тата – Айцец Нябёсны, мама – анархія, тата – Айцец Нябёсны!

      Эх, не разумеюць усёй глыбіні свабоды і ўсёй вышыні ідэі ягоныя мілыя сябручкі з пацыфікамі ды ў капюшонах. Не даганяюць, як гэта крута, калі галоўны анархіст – Бог!

      Вось айцец Рыгор