Ммм…
Так, адчуваньні Андрэя, якому сеначы бамперам стукнула трыццаць, у двух словах можна было выразіць: Штосьці Ёсьць. Але вал падзеяў, супадзеньняў альбо, чорт яго бяры, заканамернасьцяў выклікаў у ягонай выматанай душы глухі, як рык, ступар. Што гэта яшчэ за штучкі. Хай сабе Штосьці. Хай сабе Ёсьць. Але яго так проста, адным кажухом ды парапсіхалогіяй, ня возьмеш. Вунь ён ідзе, шэпча штосьці сабе пад нос, маг хрэнаў.
Магло ўсё супасьці, чыста тэарэтычна?
Магло. Чаму не.
Але вось адкуль вылез гэты ашаламляльны пячорны чэл, апрануты, як лох, які ведае ўсе адказы і, такое ўражаньне, вынюхвае зь яго душу?
– А ўвогуле першае, што табе трэба зрабіць – пакаяцца.
Леў зноў досыць бесцырымонна спыніў яго. Пад ліхтарамі, у сьвятле вокнаў інтэрната ён, барадаты, зь іскрамі сівізны, глыбакавокі, дышучы – о, ён быў грозны.
– Вы што, думаеце… – Белазор сутаргава сьціснуў на грудзях рукі ў кажуху, – то есьць, вы што хочаце… Каб я вось тут, проста, узяў… У чым?
У грудзях у Льва глуха забурчэла. Нечы агромністы цень з вакна на высокіх паверхах варушыўся вакол іх; здавалася, што зямля хадзіла ходырам.
– За што табе каяцца?.. Ну і дух… Ды цябе ўжо чэрці знутры даядаюць, засталося толькі костачкі павыплёўваць, і ўсё! Ты ж сам прызнаў, што тваё жыцьцё вартае сьмерці. Кінуўся пад колы. Што, ня так? Калі чалавек ня бачыць, за што яму каяцца – значыць, ён сьляпы. Не спакушай мяне, – Леў нават адпусьціў сваю пяцярню, і Андрусь, упершыню застаўшыся на сваіх дваіх, ад нечаканасьці захістаўся.
– Бог даў чалавеку волю.
Андрэй глядзеў на яго, агаломшаны, і паўтарыў як рэха:
– Бог даў чалавеку…
– Твая воля. З Богам ты ці не. Твае думкі, пачуцьці, рашэньні, дзеяньні – вынік твайго выбару. Толькі і ўсяго. І ты нават не ўяўляеш, колькі ў сваім сэрцы носіш зла – хопіць, каб разьнесьці паў-Беларусі. Але Госпад настолькі любіць Сваё стварэньне, настолькі пяшчотны, што… Нават калі ты згніў зажыва дарэшты, Бог усё адно цалуе цябе ў сэрца.
Пячора ягонага новага жыцьця, сагрэтая духавітым кажухом, па хадзе дрыжэла і раз-пораз працякала – то халадком па скуры ад Цімура, то сьцюдзёнымі сьлязьмі маці, то сталёвым прысмакам з крывёю Волі – але ён адчайнымі спазмамі выпіхваў з чэрапу ўсе гэтыя вантробы, толькі б ня ўнюхаў Леў, бо разарве. Пакаяньне… Харош, ён памёр для гэтага, усе ягоныя трупы засталіся там, на Плошчы.
– Гэтаму сьвету хутка канец. Пасьля вайны бедных з багатымі пачынаюцца войны прыхадняў з тутэйшымі, жанчынаў з мужчынамі, вычварэнцаў з нармальнымі… Д’ябал вечна шукае, як вынішчыць род чалавечы цалкам – і людзі, сьляпыя, расшчэпленыя, вядуцца на гэта. Але цяпер ён выбраў кропкай апірышча Беларусь, і вось пытаньне: ці дамо мы яму тут прарвацца? Маеш рацыю, гэты сьвет скончыцца – але пачнецца новы. Божы. Хочаш жыцьцё вечнае? Бяры. А чорны квадрат – гэта рэальная цемра. І гэта нашмат страшней, чым ты думаеш.
– Ну Леў, я праўда не ўрубаюся наконт Чорнага, – Андрэю не падабаўся ўласны жаласны голас, – ну скажы ты мне, самагубцу