Пераадольваючы зьнямелымі нагамі сілу прыцягненьня, ён успрымаў наноў і халоднае пранізьлівае паветра, і гарадскія вагні, і цьвердзь асфальту, і ледзь бачныя па-над асьветленым горадам далёкія-далёкія зоркі.
Няўжо гэта для яго – жыцьцё, ад якога ён цяпер штокрок чакае цуду?
Дзіўна адстароненае цела было такім няёмкім для новага і асьляпляльнага, што праменіла адусюль скрозь прабоіны ў цемры. Загінуць не давялося. Але як жыць далей?
Леў раптам прыхінуў яго на хадзе.
– Ня думай, як будзе потым. Не страшыся. Большасьць людзей жыве альбо мінулым, якое мінула, альбо будучыняй, якой ня будзе. Адзіны час, які нам даступны – цяпер. Толькі і ўсяго. І твой выбар – як жыць. Зграшыць альбо пакаяцца. Маліцца ці… маяцца якой-небудзь лухтой. Рукой на ўсё махнуць – або рабіць, што можаш. Карацей, забіваць час… у пошуках часу… ці жыць гэтым часам. Разумееш?
Гэтая думка Льва падалася яму падобнай да сферычнай сьвяцільні на бульвары, якую яны толькі што прайшлі. Захацелася прыпыніцца, узяць гарачы, палаючы шар у далоні – і грэцца, і глядзець.
Андрэй зябка ўнурыў рукі ў кішэні чужога кажуха. Спрачацца не выпадала; зрэшты ён ня мог вырашыць, ці ёсьць тут што спрэчнае пасьля сёньняшняй начы – сапраўды Бог ёсьць ці гэта яму, Андрэю, хочацца верыць, што Бог ёсьць?
Але ўладны голас Ільва прымусіў яго страпянуцца:
– Няхай не сумняваецца сэрца вашае, веруйце ў Бога і ў Мяне веруйце, кажа Ісус.
О, хутчэй гэты чарадзей зь пільным позіркам і разьдзьмутымі ноздрамі быў усемагутны.
– Усемагутны толькі Госпад Бог, – раптоўна, ня гледзячы на яго, дадаў Леў, – а я такі ж чалавек, як і ты.
Гэта было ўжо занадта. Андрэй ня ведаў, што дзейнічала на яго больш: ці то словы, што прымушалі яго трымцець, ці то гіпнатычны бляск у дрымучых вачох Ільва, ці то ягонае глыбокае дыханьне – калі ён набіраў у грудзі паветра, у Белазора пачынала шалёна калаціцца сэрца.
– Паслухай, я пастараюся патлумачыць табе, што ты тут робіш.
– Патлумачыць мне, што я тут раблю? – Андрэй сьцяўся, намагаючыся суняць дрыжыкі.
– Менавіта, – Леў выдыхаў, і хмары пары гасьлі ў агністым паветры. – Бог уратаваў цябе ад сьмерці. Значыць, ты Яму вельмі патрэбны. Асабіста.
Калі рэха апошняга слова заціхла ў ягонай душы, Андрэй зразумеў, наколькі яму страшна.
– Страшна грэшнаму чалавеку стаць перад Сьвятым Богам, – Леў нейкім неспасьцігальным чынам вёў размову наўпрост зь ягоным мозгам (і гэта палохала яшчэ больш, хацелася абхапіць галаву рукамі) – але калі ты прымеш у сэрца Ісуса Хрыста, табе ўжо ня будзе чаго баяцца.
Яны спускаліся паўз аграмады чорнага люстранога шкла шпіталя да Сьвіслачы, і наперадзе ляжаў горад, агністы, далёкі, неахопны. Інтэрнаты студэнцкага гарадка, грандыёзныя распаленыя соты, аказваліся падначаленымі няведамаму рытму; дзесьці чорныя квадрацікі вокнаў успыхвалі, дзесьці гасла сьвятло… Што, і гэтае мігценьне мае свой сэнс у Бога? Кожны пстрык