Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Павел Севярынец
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2017
isbn: 978-617-7599-15-8
Скачать книгу
Чалавек ачомаўся, дрогка пацепнуў плячыма і пашукаў рэшткі цеплыні ў кішэнях. З таго часу, калі ён спыніўся тут, ля парэнчаў мосту, па-над вадой, увесь горад да самых дахаў паглынула ноч. Змрок скрадваў астатнія ўспаміны, гасіў варушэньні душы, і ўвесь сьвет незваротна страчваў сэнс.

      Ён стаяў на беразе бездані – бог, які за тры з паловай гады зрабіў гэтую краіну бліскучым чорным полем шахматнай партыі цаною ў сьвет.

      Нябачна і пуста было вакол, толькі сьцюдзёны вецер зрэдку серабрыў рабізну на Сьвіслачы ды пара ягонага дыханьня тлела. Цёмныя рачныя качкі кішэлі ля беражку лёду, нібы чэрві на трупе. А вакол – касьмічныя скарбы вагнёў. Гірлянды – рубінавыя, сапфіравыя, смарагдавыя, залатыя. І шары сьвятла, распаленыя сярод холаду. Пранізьліва. Казачна. Злавесна. Прашумлівалі рэдкія машыны, а ён стаяў перад цьмянай Нямігай і ніяк ня мог зразумець.

      Бліскучыя ад сьлёзаў, невыносна мілыя і такія страшныя вочы Волечкі, вывальваюцца крывавыя вантробы, выбух айфона зь іскрамі, квадратны правал у цемру – і бах! – канец сьвету.

      У мінака сьпехам дзынькнулі бутэлькі ў сьвяточным пакунку; нейкая парачка, прыабняўшыся, прыпынілася непадалёк на мосьце, трапіла ў ягоны акаём і кранальна, да болю ў сэрцы, пацалавалася; з грукатам, ледзь не рассыпаўшы на асфальтавым стыку ўсё сваё жалезнае начыньне, праехаў тралейбус.

      Перад тысячагадовай нутробай Менска, на беразе самага глыбокага лога ў беларускай гісторыі, паміж Верхнім горадам і Траецкім – чалавек халадзеў ад думкі, што зараз калі хто яго і шукае, дык толькі каб забіць.

      З такой самай цемры вывергнула яго на белы сьвет роўна трыццаць гадоў таму. Расплюшчыў вочы, ліпкія ад сьлізі, у краіне сьвятла і холаду, сярод белі і пырскаў крыві, рэзаны віск маці праз бой гадзіньніка перайшоў у стогн, і ўсё тое, што ён сіліўся вычхнуць, выплюнуць у гэты сьвет цераз рот, забіты родавай тваньню, выбухнула стрэламі шампанскага, салютамі і тостамі наперабой: “Ооо! З Новым годам!.. З новым шчасьцем!..”

      Зараз, дрыжучы ад холаду, такі ж навагодні, голы і няцямны, Андрэй Белазор згадаў, як шэптам, сарамлівая ад шчасьця, маці расказвала, што ўсёй палатай спрачаліся, у якім годзе ён зьявіўся на сьвет, што ў пасьведчаньні аб нараджэньні ў яго 31 сьнежня, а ў пашпарце 1 студзеня, і што кропку, цокатам чаркі на эмаляваным падносе для інструментаў паставіў п’яны дзяжурны лекар: “Ша! Ціха ўсе… Пацан прыйшоў у самы час”.

      О, у самы час ён, супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук, дасьледчык Залатога веку, тры з паловай гады таму прыйшоў у аграмаду цемры ў яго за сьпінай – Палац Рэспублікі, толькі што арандаваны “Непагасным”.

      На сумоўі кашчавы, змаршчыністы стары ў белым доктарскім халаце, з кругамі пад вачыма, якога ён адразу назваў пра сябе стомленым д’яблам, адным мезенцам адсунуў ад сябе рэкамендацыю ягонага гуру, акадэміка Майсейчыка, ня слухаючы, расьсеяна перавярнуў аркуш, каб пераканацца, што на абароце пуста, ды так і пакінуў на стале.

      – А-а… што тут у вас, у Беларусі… ёсьць? – гэты рыпучы голас вышкрабаў да дна, – ну… увогуле?

      І праз колькі хвілінаў Белазоравых нястрымных выліваньняў пра дзясятае стагоддзе, Скарыну, Статут, віленскае барока, габрэйскія ешывы і карэньні геніяў, нецярпліва, ужо паміраючы, перапыніў:

      – А. а… у двух словах? Проста… вось… ээ… Беларусь. Та-ска-аць, знак.

      І паглядзеў бясколернымі вачыма, якія не выражалі ўжо нічога. Павісла цішыня, вось-вось гатовая абарвацца.

      Белазор утаропіўся ў аркуш белай паперы перад ім на стале і моўчкі глядзеў на яго. Беларусь. Раптам заплюшчыў вочы і сказаў:

      – Чорны квадрат.

      Стомлены д’ябал дрыгнуў векам, нахіліўся і паднёс свой старэчы зморшчаны твар блізка-блізка:

      – Ш-што?..

      Чорны квадрат. Першая сусьветная вайна, перад самай рэвалюцыяй. Наш беларускі геній Малевіч. На выставе ў Піцеры, у “красным куце”, дзе звычайна вешаюць абраз – чорны квадрат на белым тле. Ікона новага бязбожнага часу. Так, працягваў ён з сэрцам – душу вырашыў выкласьці ўсім гэтым прыхадням, маць тваю! – чорны квадрат. Ну, а як інакш акрэсьліць чорную дзірку на мапе Еўропы, агароджаную з усіх бакоў, дзе пуста, чыста і парадачак, пра якую ніхто ў сьвеце нічога ня ведае, і якая нават сама без паняцьця пра тое, чым яна ёсьць?!

      Доктар Ліхтштайнер, стары мудры нямецкі габрэй, ужо тады прачнуўся і паглядзеў на яго адпаведнымі выпадку квадратнымі вачыма. Ідэальны брэнд.

      З адным чорным квадратам пад пахай, сьледам за афіцэрам аховы па гулкіх, яшчэ пустых залях Палацу, ён ледзь пасьпяваў за зданямі адлюстраваньняў па калідорах – і надломваўся ў плітах глянцу, у мармуровым тумане прывідны сьвет, які заўтра авалодае ўсёй краінай. Постаць перад агромністым, ва ўсю сьцяну, вакном, абярнулася – і калідор, бясконца адлюстраваны, праваліўся ў далячынь, разбураючы начны горад, і той, пра каго ўсе гаманілі, але ніхто ня бачыў, паглядзеў Андрэю Белазору ў вочы. Ён ледзь пасьпеў падхапіць сэрца, што раптам упала ў глыбіню.

      Бяскроўны, моцна сьцяты рот і надламаныя бровы крывіліся, ня ў сілах прысутнічаць побач з расьсечанымі наўскось, нібы ўдарамі шаблі, чорнымі вачыма. Скулы западалі, і адно