Сыход?.. Прыйсьце? Дух вее. Ня ведаеш, адкуль прыходзіць і куды сыходзіць. Але калі Ён прыйшоў, ты адчуеш. Вее.
І воля.
Воля – гэта галоўнае, дзеля чаго ён, беларус, праваслаўны. Так, поўня вучэньня, так, таямніца прысутнасьці ў абразах, так, бел-чырвона-белая стужка ўладыкаў на сьвяты і белае з чырвоным прычасьце – гэта былі прычыны. Але самае важнае – Воля. Ня немы касьцёльны халадок, калі ты мусіш, не пратэстанцкія выбухі паветра, не… Жывое дыханьне волі, якое ён не прамяняе ні на што.
“За адзін уздых усё даруецца…”
Ягоная слава беларускага праваслаўя – гэта была сімфонія раньняй літургіі, калі сустракаеш сьвятло новага дня, пяеш і прымружваесься ад залатых струнаў сонца, што трымцяць, працінаюць увесь храм ад вялікіх вокнаў алтара; усьмешка айца Віталя, проста ўсьмешка мімаходзь, стоеная ў серабрыстай барадзе; імгненнае перажываньне з кожным “Госпадзе, зьмілуйся” асобнага грэху, і камень за камянём з душы; і радаснае “Алелюя!”, якое падымае цябе над зямлёю, аж чутно, як шумяць шасьцікрылыя мнагавокія празрыстыя сьветлыя істоты, пяюць, вапіюць, узываюць і глаголюць; і чыстая сольдругой актавы ў анёлагалосьсі Херувімскай песьні… “Калі ж нехта з вас па нявер’і сваім у чашы са Сьвятымі дарамі ўбачыць сапраўдную кроў, ня бегайце па прытворах, не агалашайце храм воплямі, не прыставайце да сьвятароў і дыяканаў, вочы вырачыўшы – гэта нармальна”. І асабліва калі адсьпяваеш, пасьля пякучага прычасьця ў натруджанае горла, выходзіш з Сабора, з блажэнным хрумстам у зацеклых суглобах жагнаесься, кланяесься алтару ў глыбіні дзьвераў, удыхаеш на поўныя грудзі неба – ты вольны, вольны і маеш Бога ў сабе!..
Шэпча, моліцца ціхімі сьвечкамі й рэхамі Сабор. Моляцца і Ефрасіньня, сьвятая мама, і Кірыла, сьвяты тата, спавіты бел-чырвона-белым, і спалоханыя, зь вялікімі вачыма, тры віленскія пакутнікі, усе родныя, усе свае – колькі іх яшчэ засталося, верных, на гэтай зямлі?..
Слухай, Ян. Бог даў чалавеку два вухі і толькі адзін рот. Слухай.
Зноў мурашкі па скуры – увесь Сабор засіпеў ад шолаху з прытвора. О, гэты гук… ён чуе – менавіта гэты гук учора разбураў навагодняе набажэнства. Прарываўся, падмываў, шчэрыўся. Нейкі яхідны шэпт шыўся яшчэ падчас споведзі, роіўся ў народзе, так што пратаярэй Георгій гнеўна павышаў голас, сьпяваючы; у хоры шоргала носам, зьбіваючы першы й другі галасы, прастыўшая Ксюша; і вось прарваўся на малой якценіі надрыўны, аж выварочвала, дзіцячы крык, і шум, і шыканьне; і падчас чытаньня Евангельля паводле Яна, ягонага Евангельля – няхай не сумняваецца сэрца вашае! – злавесны кашаль старасты глушыў, крышыў слова за словам, ажно раззлаваны протаярэй цяжка замаўчаў, даючы гэтаму старому чорту прачысьціць горла; і зноў зайшлося нема дзіця, і настаяцель крычаў “Аглашэнныя, ізыдзіце!” – і нават паказваў рукой – ізыдзіце, ізвергніцеся… Дзьверы, дзьверы, прамудрасьці вонмем…
А потым нейкі выбух