Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Павел Севярынец
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2017
isbn: 978-617-7599-15-8
Скачать книгу
ці то відэльцы пад навагоднія бомікі – але вылоўлівае трывожнае вуха шарканьне, кхеканьне, сьцішаны кашаль.

      Навагодні?.. Саўсем яшчэ мальчык… Тамаграфія… Мачу…

      Ачомаўся, калі яму паміж ног уставілі шкляную колбу, ці то на аналіз, ці проста апаражніць пухір, і халодныя пальчыкі медсястры, і мурашкі па скуры, і зацурчэла пякучае, і ён сам засіпеў: трапіў.

      Навагодняя ноч. Званкі. Енкі. Млосьць і бясьсіласьць.

      Палон. Пад’ём. Зноў шыпеньне, шарканьне, званкі. Каша а сёмай. Сплёўваньні суседа. Агляд. Гематомы, рэнтген. Язык, цьфу. Калупаецца ў вуху… Адхіснуўся, ня лезьце!

      Леў кажа, чуў яго там, на Плошчы. Мо і чуў. Паехалі, кажа, са мной: калі цябе знойдуць… Слухайце, і чаму гэта беларускамоўныя заўсёды нейкія ашалеўшы?

      Глядзіць дрымуча і толькі дыхае, такі сабе Леў. Табе небясьпечна тут заставацца. Яны адсочваюць такіх, як ты. У старога рэальная манія, але прычынаў заставацца ў халоднай палаце з дурацкімі аналізамі сапраўды не было ані.

      Хачу быць вольным ад усяго гэтага, нявызначаны рух рукой.

      Канечне, дзе ж яшчэ размаўляць пра волю – тут, дзе ўсе ў белым, сярод перабінтаваных ахвяраў кітайскае піратэхнікі, з пахам сьпірту і гною… І з кім – барадатым, насатым гарадскім Санта-Клаўсам, у якога, гэта ж бачна, паехаў дах.

      – Хочаш быць вольным? Стой у свабоде, якую табе даў Хрыстос, і не схіляйся зноў пад ярмо рабства.

      Воля. Леў хрыпеў і хрыпеў пра волю, і гэта была адзіная прычына, дзеля якой ён гэтага Льва паслухаў.

      Воля…О-о, гэта было так, як быццам празь цябе праходзіць Госпад.

      Ён ня мог выявіць яе словамі. Але на ўзроўні слыху – чуў па адным подыху, па трымценьні паветра. Зь першай жа высокай-высокай ноты ўсёй істотай ведаў – Ян, гэта Яна. Воля.

      Амаль заўсёды – у небе. Часам – у храме. Бывала – у сьпеве, чыстым да апошняй ноты. Рэдка, надзвычай рэдка – у чалавеку, калі скрозь галосныя адразу чуеш сэрца. І ніколі – сярод вулічнай штурханіны ды ў натоўпе.

      І, калі не халодна, з гітарай, раскрыўшы чахол для дробных грошай у трубе пераходу Нямігі, сярод мінакоў, якія ніколі не чыталі ані Рыгора Паламу, ані Караткевіча, – воля сама вырывалася з горла зь першымі акордамі “Паветранага шару”, блюзавага “Магутны Божа” ці якога-небудзь беларускага хрысьціянскага хіта. Альбо з кларнетам, па-над разяўленым сакваяжам, калі да болю ў грудзях трымцела мелодыя “Разьвітаньня з Радзімай”, пад рэдкі звон медных ды латунных манетак – і насупраць цябе ўладкоўваўся з пластмасавай конаўкай лысы, са шнарам на паўтвары, тутэйшы бомж, і з расчуленых сэрцаў зьвінела таму бамжу ў донца наводдаль…

      Не з Усходу, з задышлівым шалам, духам глухім і нямым, дзе піруе, седзячы на бярвеньнях, перакладзеных іншародцамі, Арда, веяла воля. І не з Захаду, з да бляску адточанай чалавечнасьцю, пралічанай рацыяй і свабодай грэху. Не, сапраўдная воля была недзе тут, у Беларусі. У глыбокіх і сьветлых даляглядах, дзе паснулі сьвятыя. У выдыху ціхага ветру.

      Воля… Воля, свабода! Так, гэта найвышэйшы дар, таму і нішчыць яго ў сабе кожны чалавек.