Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Павел Севярынец
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2017
isbn: 978-617-7599-15-8
Скачать книгу
пачаў аднеквацца (эх, зараз выпіў бы зь ім, ды нагбом!) паціснуў плячыма, пайшоў, доўга курыў на ганку і на разьвітаньне ніякавата махнуў рукой… А трэці, бяззубы, кашчавы, як сама сьмерць, якому ў дзевятнаццаць у бараку для гнойных адцялі адмарожаную нагу, гнаў яго за плот, трос мыліцай і пырскаў сьлінай з гнілога рота:

      – Вы ў мяне жыцьцё аднялі, сукі!.. Што мне твае соплі… імя бацькі-стукача прыехаў адмываць, паскуда… Бацюшкі, тваю маць! сексоты! увесь род ваш пракляты – няма ў вас Бога!..

      Вось чаму ён, сьвежанькі бацюшка, выракся праваслаўя і пайшоў у бадзяжны шлях першабытнага евангельскага прарока – проста несьці Хрыста забытым беларусам.

      А што зь ягонай евангелізацыяй Віцебшчыны, калі ён, надыхаўшыся сьвітанкаў на азёрах, па жвіры, затравелых калдобінах ды гліністых спусках аб’яжджаў тры тысячы вёсак і вёсачак (кожную студню памятае дацяпер), дзеля Бога прасіў бензіну, абыходзіў хаты, дзе прымалі, з тэлевізарам ды дзівідзі, зьбіраў старых, ставіў фільм “Ісус”, маліўся ўголас – дзе пацерпяць, дзе не, дзе ірвалі сабакі, дзе ганялі сельсаветчыкі, царкоўныя браточкі ды міліцыя; і маўчаў, цяжка, бяздонна маўчаў стары беларускі народ, адно цяжкі дух пажылога цела…

      Толькі сьлёзы, мігценьне дзедавых ды бабіных сьлёз ў водблісках экрану зможа прыцягнуць і рассыпаць ён у колькіх жменях да пасаду Цара цароў.

      Ці сям’я Траянцоў са сьветлага-сьветлага горада Сьветлагорска, дзе ён засноўваў сярод былых алькаголікаў царкву веры евангельскай… Разумніца Валюша разам зь ім выцягвала высокага, прыгожага Зьмітра з амфетамінаў, і ён каяўся, і дыхаў чыстай, без аніякай “хіміі” верай, і Леў вянчаў іх на беразе Бярэзіны, і невялікі хор сьпяваў “Алелюя!”, і даўмецца б яму, чаму ля ракі патыхала дохлай рыбай… Іхняя двухгадовая дачушка памірала ў шпіталі ад чарнобыльскай лейкіміі, хацелі пераліваць Валіну кроў, а ў той, ужо цяжарнай, аказаўся віч ад Зьмітра. Леў начаваў у іхняй аднапакаёўцы, маліўся на кухні на каленях… І, мярзотнік, як заціхлі ўсхліпы ў іхнім пакоі, прываліўся сонны да батарэі і прачнуўся толькі ад Валінага воплю: у ваннай, дакорліва нахіліўшы голаў і высалапіўшы язык, вісеў, штосьці хацеў сказаць яму і ня мог ягоны сын у Хрысьце Зьміцер Траянец… Ён чуў смурод сьмерці, біў сябе па твары, трымаў Валюшу за руку й маліўся – і дзе, дзе паміж тэлефонам, “хуткай”, у кухню да вады, у ванную, здымаць цела, пад пахі ў вузкім калідоры здранцьвелы труп, дзе прапусьціў гэтую поўсьць зь серным духам: зарэваная Валюша шчоўкнула засаўкай у прыбіральні і налітай ім жа шклянкай вады запіла жменю таблетак.

      Хавалі трох Траянцоў у дзьвюх трунах; Валюшу ў белым з жыватом на пятым месяцы. Міліцыя, допыты, пах стыні ў калідорах сьледчага – і развал царквы.

      Ды й Жора, тэолаг, якога браты-магілёўцы кінулі паміраць з ракам кішэчніка, і ён, ледзь знаёмы зь ім, аказаўся адзіным даглядчыкам асуджанае душы. Падмываньне тройчы на дзень, зьдзічэлыя крыкі па метастазах, ваніты на падушку пасярод малітвы, кал, які ішоў горлам, і страшныя Жоравы словы, мацерны енк ды хула на Духа Сьвятога, толькі б Бог хутчэй усьмерціў