Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Павел Севярынец
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2017
isbn: 978-617-7599-15-8
Скачать книгу
калі пятнаццацігадовага Марціна з поўнаевангельскай маладзёжкі “Новага неба” бралі з балончыкам белай фарбы на двух чорных джыпах шасьцёра ў масках, а потым праз тры дні малітвы, посту і пошукаў па райаддзелах ён атрымаў у вуха… убойны званок ад бацькоў, дзе скрозь крык разабраў, што жывы-такі – стала ясна: трэба разьвітвацца і з тэлефонам, і зь мірным жыцьцём.

      Аграмадны квадрат Плошчы Кастрычніцкай быў дачарна запоўнены чалавечынай. Будынкі, піраміда елкі і сам палац танулі ў шматтысячагаловым кішэньні, азараным раз-пораз салютамі.

      Леў перахапіў здабычу ямчэй і рынуў туды, дзе было цяплей і больш бясьпечна – у развараны, цяжкі і родны смурод беларускага натоўпу. Калі ты верыш у Хрыста, усё тваё жыцьцё на зямлі – бясконцая ратавальная аперацыя. Эвакуацыя на неба. Ты ратуеш душы. Альбо не ратуеш, і тады яны гінуць.

      Народ віраваў, задзіраў галовы на вялізны экран па-над Палацам; грымеў Першы канал, хтосьці кагосьці агукаў, хтось адурэла крычаў у прастору, і Леў, сьцяўшы дыханьне ды зубы, цягнуў Андрэя ў самы гушчар.

      – Ты хацеў ім шчасьця? – Леў ужо ня мог стрымлівацца ад гэтага ванітоўнага духу вакол, – Ды гэты народ гніе зажыва, ты толькі нюхні.

      Белазор толькі хутаўся ў кажух з галавой і затраўлена азіраўся.

      – Беларусы п’юць больш за ўсіх у сьвеце, ты чуеш?! Па самагубствах на душу насельніцтва саступаем толькі прапашчай Расеі… Штогод па пяцьдзясят тысячаў дзетак забіваем у матчыных нутробах. Андрэй… Паглядзі мне ў вочы… Тут увесь народ зьнішчае сябе… Вось табе, разумееш, Чорны квадрат. Чэка, тое ж самае. Чэкісты.

      Леў аддыхваўся, бок балеў невыносна, пальцы здранцьвелі ад хваткі.

      – Вунь перагар… Гэта ж ня проста пах. Тут ужо дух, удыхні… Чуеш, як томіцца душа… Яе засьпіртавалі ўжо, быццам уродца ў кунсткамеры, а потым са слоіку на памыйку выплеснуць.

      Зусім побач аглушальна грохнула. Леў міжволі здрыгануўся – і рассыпаўся па-над іх галовамі ў чорным небе з казачным трэскам зыркі белы салют.

      – Усё, што ты рабіў, уся твая гульня ў беларускія квадрацікі – гэта ўпрыгожваньне нябожчыка… У чорнай труне… Талькам звонку, вэлюм такі, знаеш, у арнаменты… Пацалаваць у чаргу станем… А знутры ўжо тлее і вось-вось чарвямі кішэць пачне.

      Леў соп, варочаўся сярод людскіх гурмаў і бітага шкла, спрабуючы аглядзець, як бы зручней вынырнуць адсюль, і адчайна ўдыхаў выдыхі ўсіх гэтых п’яных, радасных, ашалелых і ніякіх беларускіх абліччаў.

      – Бесы. Калі ў душы няма Бога – там абавязкова завядуцца бесы.

      Госпадзе, Ты столькі ўклаў у гэтую краіну, столькі даў ёй… Столькі пакутваў за яе! Немагчыма паверыць, каб народ, які чацьвёртым у сьвеце атрымаў Слова Божае на сваёй мове, які даў сьвету Статут і столькі сьвятых, ад Ефрасіньні Полацкай да ксяндза Ежы Папялушкі, каб народ бел-чырвона-белага сьцягу, такой цярплівасьці, такой пакоры, такой ахвярнасьці – проста згінуў і праваліўся ў пекла… У гэта ня хопіць сэрца паверыць.

      Таму тры прароцтвы, наконт якіх зараз шушукаюцца