Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Павел Севярынец
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2017
isbn: 978-617-7599-15-8
Скачать книгу
і пачаў ён захоплена задыхацца ад гэтага сьвятла, і ў звоне званоў пачуў голас Таго, Хто клікаў яго – клікаў да Сябе, у сьвет, поўны белі і сьляпушчага шчасьця.

      Калі ён думаў пра гэта, хацелася толькі заплюшчыць вочы, папрасіць, каб хутчэй, і аднойчы прачнуцца ТАМ.

      Але ўсё-такі часам, у спакоі і сытасьці або, наадварот, у трывозе і страху – здавалася, што там нічога і нікога няма. Усё, што чуецца, нараджаецца тутсама, і ўвесь сьвет – вось ён тут, у тахканьні Сэрца па-над цемем, у родным цьмяным акварыюме спажыўнае вадкасьці, у ласкавых сьценах, у гэтым канаце, што расьце зь ягонага жывата і злучае яго з таямнічымі токамі, усе згукі звонку выклікае вялікая, адзіная жывая прырода, і што ён будзе жыць тут вечна.

      Так, тут бывала і халодна, і галаднавата, і дужа трэсла, і, самае кепскае, вось гэтая прыкрасьць, горыч, што цямкала ў роце, працінала пупок і аддавалася ў галаве. Зло раз-пораз, пасьля штормаў там, наверсе, атручвае ягоны сьвет. Не, лепш, каб там усё-такі нешта было. Нават калі там нічога няма.

      А можа, наадварот, усё зло адтуль і бярэцца? Ён на ўсялякі выпадак пагрукаў у неба.

      Маўчаньне.

      Яго перасмыкнула, і ён ізноў засмактаў, як люльку, палец, каб супакоіцца.

      За апошнія дні аднекуль адтуль, звонку, накатвала зло. Сьвет сьціскаўся, вакол набрыньвала нейкая цяжкая моц, было цесна і задышліва, і пагрозныя галасы намагаліся пранікнуць усярэдзіну яго, успорвалі, сьцябалі – яго, ён гэта востра чуў, яго!

      Усю ноч ён ня спаў і варочаўся. Ужо не вуркатала цёплае, ня дыхала, не накатвала хвалямі з супакойным шумам – сьвет затраўлена хрыпеў і час ад часу страшна рыкаў. Ён сьцінаўся, да болю ўсмоктваў пальцы і каўтаў гаркоту.

      І вось – сёньня… Пранізьлівы сігнал. Доўгая, настойлівая, злая трэль, якая працяла дрыготкай увесь сьвет, і час замер.

      – Альбо я – альбо ён.

      Сэрца ела, каўтала, давілася, быццам у апошні раз, і ён сутаргава цямкаў, прысмакам цеста і крыві.

      І неба раптам пахіснулася. Ммм, ён смактаў, маленькі, мякаў мяккую смакату, мацаў моцна, як толькі мог, умінаў, ммм, ма-ма – але скаланулася вакол усё жывое. Сэрца яго страшэнна пакрыўдзіла. Раўло. Біла, балюча біла! – ён згарнуўся ў жаху – завойкала, зарыдала сама – быццам ён быў у нечым вінаваты!..

      Заціхла. І крокамі капалі кроплі. Сэрца ўсё ўсхліпвала, глыбока, жорстка, быццам хацела выбляваць яго. Кап. Цяжкія кроплі. Кап.

      Кароль… Што значыць – Кароль? Можа, гэта ён – Кароль? Ці нехта з таго сьвету?

      І скалануўся ўвесь сьвет, і заенчыла, і застагнала ўсё жывое вакол!

      Цяжка, трывожна стала яму. Як толькі перабыць гэтую нудоту, і горыч, і глыбокія ўздыхі, такія, што ажно неба прагіналася па-над ім. Гайданка ўзмацнілася, усё вакол ліхаманіла, і ён ледзь трымаўся, сьцяўшыся ў камяк. Не, адсюль дакладна трэба будзе выбірацца.

      Вядома, усё жыцьцё тут, унутры. Сьвет, памерам трохі большы за яго самога. Але дзеля чаго? Расьці? Вырасьці? Выйсьці, гэта пэўна. Бо тут – усё горш. Не, калі так, як сёньня, – гэта гамон. Пэўна, і там ён зможа тупаць,