Пэўна, ёсьць на тым сьвеце Нехта, чыё вечнае Сэрца па-над табою, грэе ўсіх, толькі яшчэ мацней, перажывае і хвалюецца, разьлівае хвалямі ласку і трапятаньне, аж аддаецца ў жываце, б’ецца і грукаецца да цябе адтуль, згары, тахкае так, што чуюць усе, і вызначае час.
Калі ён быў маленькі, пагатоў, і не разважаў над такімі рэчамі. О-о, ён жа памятае, як даўно гэта было, якія мізэрныя былі ягоныя пальчыкі, як ён адно каўтаў ды коўзаў вакол свайго жыватворнага канаціка. Быў няцямны, бездапаможны, ледзь рухаўся. А зараз ён вялікі і прыўкрасны, і скача, і кувыркаецца, і чуе, і вось ужо бачыць, як усё вакол чырвона, і, самае галоўнае – усе гэтыя справы абдумвае.
Ён верыў, што ўрэсьце ўбачыць той сьвет. Ён жа расьце, большае, яго расьпірае, і тут яму ўжо цесна. Для чагосьці ж ён сілкуецца й сьпее. Вось расхінецца Выйсьце, і ён паплыве… А мо, паляціць…
І ўбачыць такіх, як сам?
Тут сам не гукнеш, тут толькі нагою туп, туп у пругкую сьцяну – і тады гладзіць, лашчыць, цяплее, і родны голас робіцца блізкім-блізкім – і тады ўсьміхаесься, і верыш, што ўсё будзе добра.
А там… Дзеля гэтага Адкрыцьця, каб быць гатовым, ён настойліва качаўся зараз, штурхаючы нагамі дол, і суцішаўся толькі тады, калі па небе над ім пракочвалася цёплая хваля, і роднае ўгаворвала яго: гэй, спакайней.
Ён ямчэй павярнуўся на бок, бо Сэрца пачало каўтаць, згары пацяплела, і ў яго падняўся настрой. Значыць, праз колькі часу можна будзе і самому пацмокаць.
От яшчэ пытаньнечка – аднекуль жа ён узяўся.
На пачатку… Што ж было напачатку?
Глыбока-глыбока ён памятае першае: нябачную пустату вакол – і раптам хваля цёплага і ласкавага духу, якая ахоплівае цябе ўсяго.
Гэта зараз, калі ў яго прарэзваюцца вочы, і пульсуе ўнізе Чырвонае мора, і мігціць сьвятло, ён бачыць, як ружавее імглістае неба, і ведае, што так выглядае дзень, жывы і бурлівы, поўны незвычайных гукаў, – а тады ён адрозьніваў дзень ад ночы адно паводле руху або спакою.
Колькі прайшло пораў спакою, і колькі руху, ён усё памятае – і гэта быў месяц першы.
Потым ён пачаў адчуваць нагамі цьвердзь. Яна была адасобленая ад тае касьмічнае вадкасьці, дзе ён плаваў, ад яе можна было адштурхоўвацца, і ён паціху, памалу пачаў асвойваць гэтую сушу.
Так-так, Сэрца, гэта быў месяц другі.
І было потым: ён пачаў каўтаць і спажываць тое, што вакол; цёплая спажыва пачала насычаць яго; ён памятае той раньні травяністы прысмак – пакаўтаўшы, сам пачуваўся гэтакім поўным плодам.
Так было ў месяц трэці.
Потым жыцьцё азарылася гукам. Цокі, хлопы, тупаты, грокаты, рокаты вадаспадаў цяпер кіравалі днём, а ціхія шчоўкі і мяккія шолахі на перакатах – ноччу. Напрыканцы зьявіліся вечары і раніцы – месяц чацьвёрты.
На пятым месяцы ягонай эры ён ужо гарэзаваў, і штурхаўся, і каўтаў на ўсю моц свайго бранхіяльнага дрэва, і нырцаваў, як рыба, і поўзаў, бы паўзун, і часам нават, з моцным штуршком, лунаў у сваёй бязважкасьці – раскінуўшы рукі, як птушка