Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Павел Севярынец
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2017
isbn: 978-617-7599-15-8
Скачать книгу
дачыста ўсё, нясецца, захапляючы за сабою сусьвет, – ці гэта ён у спазмах вылузваецца з матчынага нутра ў сьляпушчы сьцюдзёны сьвет, ляціць з паскарэньнем у тунэлі насустрач!

      Адзінаццаць.

      Ві-і-ііск!!!

      Рывок, чорная дзіра ў заплюшчаных вачох, і ці крычыць гэта ўзрэзаная Воля, ці гэта яе залівісты віск насалоды, ці раве ён сам, ці гэта маці нараджае яго – але:

      Божа!..

      Асьляпляльны ядзерны выбух. І канец сьвету.

      Крывавая разьня пад сэрцам

      І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе,

      Ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы,

      Ня стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця.

Мацьвея 2:9

      У яго пад нагамі расхінулася Чырвонае мора.

      Расступіліся воды, і стаялі сьцяною з правага і левага боку, і застылі глыбіні. І было так страшна ад сьцюдзёных гукаў – яны праціналі наскрозь! – ад таго цяжару, які млеў па-над ім, ад глухога пагрознага шуму, што табуніўся вакол яго, безабароннага – што ён тужыўся хутчэй, як мага хутчэй высьлізнуць адсюль. Ад гэтае напругі вочы раптам разьверзьліся, у галаве ўспыхнуў іншы сьвет, і вось тады ўнізе адкрылася чырвоная бездань.

      Няўжо гэта і ёсьць той сьвет?

      …І ўсё-такі ён верыў, той сьвет існаваў. Той сьвет спараджаў няясныя згукі, знакі, тайны; той сьвет неспасьціжным чынам уплываў на яго, той сьвет палохаў і вабіў – і часам так хацелася нарэсьце пабачыць, што там!

      Вядома, тут было ўтульна, знаёма ды ёміста, часам нават цудоўна, усё неабходнае для існаваньня было пад рукой. А там? Пэўна, і там над табою вялікае Cэрца, крыніца рытмаў і токаў, якая вызначае час і лад; то тукае часта і радасна, і хвалі з шумам накатваюць, абцякаюць цябе, і тады самому хочацца танчыць, скакаць і дзень мінае хутка, то цішэе і запавольваецца, шэпча і прыслухоўваецца да цябе, і тады доўга цягнецца час, і хіліць у сон.

      Адкінуўся на сьпіну, падцяўшы пад сябе ногі, трохі скаўтнуў і прыслухаўся: так, так, цяпер тукала мерна, глыбока і ў такт думкам.

      Так, там усё па-іншаму. Усё-ўсё. Там, канечне, воля. Воля! Там, ён пэўны, усё большае – знакі ж такія велічныя, усеабдымныя. Тут гукі мяккія, пяшчотныя, пругкія – а адтуль, з-за межаў жывога час ад часу даносілася то нешта неверагодна звонкае, то страшэнна нізкае, амаль рык, то гул трубаў, то шум вадаспаду. Не, што гэта такое насамрэч, тут было проста немагчыма ўявіць.

      І галасы. Так, ён ужо досыць даўно чуў галасы. О, гэтыя галасы там, наверсе, несумненна, тычыліся яго і, пэўна, мелі нейкую ўладу над ім і нават над Сэрцам. Адзін, нізкі, хрыплы і злосны, хвастаў яго і пляваў у яго гідкімі ашмоткамі і шаркаў так, што прабіралі дрыжыкі, вялікае Сэрца чамусьці падтахвала яму. А другі, высокі, саладзенькі, жаласна суцяшаў і нават прасіў у яго чагосьці, можа, прабачэньня, і войкаў, і цокаў, і сюсюкаў, але тут Сэрца маўчала ці бурчэла грэбліва.

      – Забіўсабеказла! – драбіў зычныя Нізкі голас.

      – Ёнжаневінаваты, – жаласна падпяваў Высокі.

      Быў і роўны, метадычны, зь лёгкай вібрацыяй, абыякавы, амаль нежывы