Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Павел Севярынец
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2017
isbn: 978-617-7599-15-8
Скачать книгу
валюхалася, бы ў п'янога. Гэта ж трэба, людзі, вы чуеце: ён нясе сябе, каб празь некалькі хвілінаў разьбіць пасярод дарогі!

      Пустка, гіганцкая пустата, тыпова менская, пагражальна расла ў ім самім. Уся гэтая ніякавасьць вуліцаў, бязмэтнасьць мінакоў, усё гэтае павуціньне гірляндаў, якое аблытвае мёртвае сьвята, усе нацятыя струны дроту, якому ніколі больш не загучаць, трупы бруднай лістоты, якімі заляпаныя ходнікі і штодзённая шэрасьць каменю на камені, якой запаўняюць прастору – уся гэтая бяссэнсіца нема крычала, патрабуючы яго, Андрэя Белазора.

      Ён ішоў угару, халодны анёл з чорнымі абвіслымі крыламі сьпінжака, хрыпата кашляў і ашалела грыз сьцюдзёнае паветра і лёд горада.

      Вунь яно, ужо відаць, тое месца, пасярэдзіне плошчы, дзе ён нагнаў Волю. Пераход, чорнае і бліскуча-белае пад ліхтарамі. Плаха.

      Воленька, Волюшка, Вольная Воля… Яна, яна прыцягвала яго ў гэтым жыцьці найглыбей – і адштурхоўвала наймацней. Чорныя, пякуча чорныя з золатам валасоў вочы, такія пякучыя ў блізкасьці, калі кранаесься скроняю, і паміж ёй і табой толькі толіка пульсу – і такія жахлівыя ў правалах вачніцаў ад страху й агіды. Гарачыя каралавыя вусны – такая аздоба ашчэраных белых-белых зубоў, ёдкага пляўка ды грэбліва падцятага пяшчотнага падбароддзя!.. Боства для прагі, для захапленьня, для насалоды – і вынас мозгу ў падазронасьці ды пераборлівасьці. Мяккія, точаныя далонькі з чуйнымі, амаль празрыстымі пальчыкамі – і завостраныя адмысловай пілачкай пазногці, якімі яна карысталася, залатая помсьлівая рысь. Ідэальныя, налітыя апалам каленкі, бляск і гладкасьць запацелага люстра, калі пальцы струменяць уздоўж сьцягна, у самы жар – і моцная, да хрумсту тваіх касьцей, сьцісканьне, калі яна дасягае піку.

      Так і кахаў ён яе, у зьдзічэлым змаганьні: налягаў зь нянавісьцю, выдыхаў амаль непрытомна зь незямной пяшчотай. Воля, Воля, Воля… Шалёная халодная ўлада – і беларуская бясьсіласьць.

      Зьнішчыць, каб ані знаку!

      Ён яе і так, лічы, зьнішчыў – скалечаная, зь мяшкамі пад вачыма, бяз маткі, нікому не патрэбная… Дык няхай жа гэты апошні ўдар кавадлам – і хай гэтыя зубкі-перліны, якія ён высільваўся, мацаў языком у роце, і ненавісныя бліскучыя вочы, і лініі клубоў, і паўза, калі яна выпрабоўвае, уздрыгвае зморшчынка ля скроні, і ты ня ведаеш, чаго чакаць – жарсьці або пагарды – хай гахне ў пыл і прах!

      Вось гэтае месца.

      О, Пляц, сорак тысячаў квадратных метраў беларускай волі! Яшчэ трыста з гакам гадоў таму тут, вакол будучай плахі Андрэя Белазора у Паўночнай вайне выстройвалі цёмнымі квадратамі свае карэ ды аглядалі войскі з вокнаў езуіцкага калегіюма то Пётр І, то Карл ХІІ; тут, у бібліятэцы, дзе цяпер музычны ліцэй, Мураўёў-дзекабрыст, з тых Мураўёвых, каторых вешаюць, – гартаў вялікалітоўскія фаліянты й марыў пра свабоду для ўсіх народаў імперыі; тут на асабісты загад цара Мікалая І у 1851-м рассадзілі па цаглінах менскую Ратушу, сімвал магдэбургскага права, – і ніводзін мянчук, нават за грошы, ня ўзяўся разьбіраць руіны, зганялі жаўнераў ды вязьняў Валадаркі;