Гісторык звяртаўся да свайго сябра-доктара Рэніера таксама і з гаспадарчымі праблемамі: «Ці знойдзецца для мяне садоўнік? Папярэдняму плаціў 20 рублёў срэбрам і жытло, нежанатаму даў бы 25 рублёў срэбрам у год. Зрабі такі запыт, каб праз некалькі тыдняў я мог ведаць, ці знойдзецца садоўнік. Парнік яшчэ не заклаў. Меў садоўніка з Гародні, але яго збаламуцілі»43.
10 мая 1840 г. Нарбут паведамляе сябру-доктару Рэніеру, што ў яго вёсцы шмат хворых, ён чакае сябра ў госці і просіць прывезці лекі, асабліва ад ліхаманкі і гарачкі. Пра сябе паведамляе, што «цалкам здаровы, жаўтуха пасля тваіх рэцэптаў прайшла. Калі ласка, купі тэрмометр, бо мой разбіўся. Трэба купіць звычайны, пасаджаны на простую бляху, галоўнае каб ён быў дакладны і меў надзейную шкалу. Мой чалавек возьме грошы ад Марціноўскага, каб выканаць некаторыя даручэнні»44. Згаданы Марціноўскі – Антоні Марціноўскі, у свой час рэдактар «Дзённіка Віленскага» і «Кур'ера Літоўскага», уладальнік друкарні, выдавец шматтомніка Нарбута «Гісторыя літоўскага народа».
У першай палове XIX ст. калі ўсё насельніцтва нашага краю пакутавала ад смяротных эпідэмій, Тэадор Нарбут, зрабіў наступную занатоўку: «У часы максімуму эпідэміі халеры, над левым берагам Дзітвы, у вёсцы Моўчадзь, жыў чалавек, які хаваў усіх памёршых, даглядаў хворых, але сам не заразіўся. Адвечны піяк, ён пры тым меў надзвычай здаровы страўнік. Мой падданы Ян Шымкевіч, ва ўзросце 40 гадоў, з'ядаў дзве лоевыя свечкі з хлебам як хлеб з маслам, фунт вэнджанай кілбасы і ўсё гэта яго страўнік пераварваў. Мяне нават могуць абвінаваціць у цвярджэнні, што страўнік чалавека можа працаваць, як страўнік звера. У адным лазарэце для хворых, медычны вучань Ленартовіч, расказаў мне, што ў 1831 г. у Вільні, калі захворвалі на халеру нават вартаўнікі і жаўнеры, якія тут прыслужвалі, ён у сваім аддзеле даваў сваім людзям па некалькі грам хініну, і ніхто з іх не захварэў, хоць іх было ў гэтым лазарэце да 20 чалавек»45.
2 кастрычніка 1840 г. Тэадор перадае падзяку доктару за адрамантаваны гадзіннік, «чалавек які перадасць табе гэты ліст, Іцак Карантовер, верне табе 3 рублі за рамонт»46. Падумалася, што ў той час вызначыць дакладны час, каб наставіць гадзіннік можна было толькі астранамічнымі сродкамі. Падчас побыту ў Вільні, кішэнны гадзіннік можна было выставіць па вежавым гадзінніку, які ў свой чарод карэктаваўся віленскай абсерваторыяй. Але кішэнны гадзіннік – не хранометр, ён хутка назапашвае памылку. Цікава будзе адзначыць, што ўжо пасля смерці Тэадора Нарбута, калі дырэктарам віленскай абсерваторыі стаў Пётр Смыслоў, ён распачаў рэстаўрацыю адной з веж абсерваторыі і прадугледзеў на ёй месца для вежавага гадзінніка. Стары механічны гадзіннік дэмантавалі і перадалі ў падарунак віленскаму Свята-Духаваму брацтву. Паводле задумы Смыслова на вежы абсерваторыі