Калі Нарбут працаваў выкладчыкам у 2-гім кадэцкім корпусе, ён адначасова паглыбляў сваё інжынернае майстэрства пад непасрэднай апекай ваеннага інжынера Аўрэ. Гэты знакаміты выкладчык звяртаў сваю ўвагу на асабліва адораных і накіроўваў іх на ваеннае будаўніцтва. Нарбута цікавілі фартыфікацыі, ён вывучаў іх гісторыю і практычнае праектаванне. Потым Тэадор перайшоў на працу ў інжынерны дэпартамент Вайсковага міністэрства і быў прызначаны да службы ў дырэктара генерала Сухтлена. У 1804 г. быў уключаны ў камісію, якая працавала пад кіраўніцтвам прускага гідратэхніка Я. А. Эйтэльвейна над праектам рэгуляцыі Нёмана на ўсім яго працягу, які тады быў граніцай з Прусіяй. У адным з тамоў сваёй знакамітай працы Нарбут так успамінае гэтую справу: «Я сам, выконваючы абавязкі інжынера па гідраўлічных працах на рацэ Нёман, у выніку падпісанай Найвышэйшай канвенцыі паміж Расіяй і Прусіяй у 1804 годзе на чале з Камісіяй абедзвюх дзяржаў, якую узначальваў знакаміты гідраўлік Я. А. Эйтэльвейн, меў магчымасць пазнаць мясцовасці гэтай вялікай ракі ад вытоку да вусця і маю сёння пад рукой неабходныя мне матэрыялы». Нарбут, несучы сваю службу на працягу двух гадоў, вызначыўся стараннасцю і шматлікімі тэхнічнымі прапановамі і атрымаў чын падпаручніка14.
Да важнага ў жыцці гісторыка 1812 г. вернемся пазней, а зараз я падам некалькі эпізодаў з біяграфіі нашага земляка, якія па памяці запісала яго дачка Тэадора Манчунская: «Думка пра смерць і вечнасць уласціва маладому веку <…>. Мой бацька расказваў, як пры будаўніцтве Бабруйскай фартэцы ён адчуў Божую волю. У балотах бацька прамачыў ногі і захварэў на гарачку ў бязлюднай мясцовасці, дзе не было лекара. Хвароба стала небяспечнай, яна скруціла яго так, што ён ужо не падаваў нават і прыкмет жыцця, і толькі думка яго была свабоднай і яна вяла яго да Бога – ён думаў пра вечнасць, бачыў ужо яе мяжу і з цікавасцю чакаў хвіліны, калі на тым боку магілы ён паўстане перад міласэрным – ужо чуў ваенную музыку на сваім пахаванні, і дух кружыў каля яго – падчас гэтых важных дум пра вечнасць прыехаў суседні поп15 і адпеў яго перад смерцю.
Святар не ведаў, да якой рэлігіі належыць Нарбут, бо той ужо не мог размаўляць і разважаць, а яго жаўнеры гэтага таксама не ведалі. Поп адпеў хворага і быў спакойны за яго душу, напісаў толькі вялікімі літарамі крэйдай