Для абшарнікаў-творцаў важным было вучэнне Гарацыя аб «разумнай любові» да радзімы. Бо рымскі паэт вучыў творцаў, як жыць у складанай палітычнай сітуацыі. Гэтым можна патлумачыць «сіндром Гарацыя» – г. зн. проста ашаламляльную колькасць перакладаў твораў рымскага паэта менавіта пасля паўстання 1830—1831 гг., калі папулярнасць Гарацыя дасягнула свайго апагею32. У крытычныя моманты жыцця краіны рымскі паэт заўсёды станавіўся самым чытаным і трактаваным аўтарам. Пераклаў і выдаў кнігу Гарацыя і наш Тэадор Нарбут33.
Трэба сказаць некалькі слоў пра партрэты Тэадора Нарбута, якія адлюстроўваюць асобу гісторыка падчас жыцця ў Шаўрах.
Адам Кіркор у 1854 г. пісаў: «З радасцю паведамляю, што партрэт гэтага заслужанага ветэрана нашай гісторыі неўзабаве будзе выдадзены ў Варшаве, у вялікім зборніку сп. Фаянса. Вялікія заслугі Нарбута, яго вялікая праца і адданасць навуцы яшчэ больш прывабліваюць нас да яго незвычайнай сціпласці, адсутнасці фанабэрыі і чароўнай прастаты»34. Класічным партрэт Тэадора Нарбута, пра які паведамляў Кіркор, выканаў вядомы мастак Максіміліян Фаянс (1827—1890). Першы раз яго надрукавалі ў 1857 г. у альбоме «Вобразы Польшчы» («Wizerunki polskie»)35. Літаграфія зроблена паводле фотаздымка, дзеля якога гісторык двойчы спецыяльна ездзіў у Вільню да мастака-дагератыпіста. Двойчы таму, што першая фатаграфія здалася варшаўскаму выдаўцу «недакладнай». Але ў выніку атрымаўся хрэстаматыйны і самы вядомы партрэт Тэадора Нарбута.
Таксама добра вядомы партрэт-літаграфія нашага гісторыка зроблены Юзафам Азямблоўскім (1805—1878) паводле малюнка Адольфа Піварскага (1817—1870). Азямблоўскі быў сталым ілюстратарам твораў Нарбута. Гэтая літаграфія з'явілася каля 1840—1841 г. па ініцыятыве Антонія Марціноўскага, выдаўца шматтомніка Нарбута «Гісторыя літоўскага народа», калі ішла падрыхтоўка да друку дзясятага, апошняга, тома твора, які так і не выйшаў. Партрэт павінен быў быць размешчаны ў кнізе побач з біяграфіяй аўтара.
Абодва партрэты пацвярджаюць апісанне гісторыка зробленае сваячкай і суседкай Камілай Юрэвіч з Нарбутаў: «Меў і знешнасць ліцвіна: светлы бландзін з вялікімі блакітнымі вачыма і лагодным выразам твару. Ад прыроды меў моцнае цела і спадзяваўся дажыць да 100 гадоў»36.
Партрэт Нарбута, зроблены незадоўга да яго смерці, здаецца, добра адлюстроўвае ўнутраны сусвет старога і мудрага чалавека.
Вільня і дарога ў Вільню, Нарбут у вёсцы
Запрашаючы да сябе свайго сябра Аніцэта Рэніера, гісторык пісаў: «Прыязджай, шаноўны пан Аніцэці, прыязджай да мяне. Даехаць зручна, па добрай