Менавіта згадка пра гэтыя грошы, атрыманыя за той час, калі Нарбут служыў Напалеону а потым хаваўся, дадае веры ва ўсю гэтую гісторыю, робіць больш яе сапраўднай і жыццёвай. Гэтага не прыдумаеш, а калі захочаш напісаць гісторыю пра «сапраўднага героя», дык не будзеш узгадваць, што ён узяў грошы за той час, калі служыў супраць таго, хто іх выплаціў. Тут усё па-нашаму – «б'юць – бяжы, даюць – бяры».
Пасля амністыі Нарбут вярнуўся ў Шаўры.
А калі падраслі дзеці, гісторык з-пад страхі часам выцягваў куфар са шкуры сваёй Сіўкі, у якім стары прыхільнік Напалеона хаваў памятныя рэчы тых часоў, паважна вымаў іх і ўзрушана раскладваў вакол сябе. Дзеці з вялікім хваляваннем пачціва маўчалі і слухалі бацьку, а потым нават падносілі да вуснаў яго скарбы. Найбольш хваляваў Тэадора стары мундзір, сукно на ім паблякла, але ўсё яшчэ бліскучыя эпалеты будзілі прывіды 1812 г. – часоў яго маладосці і надзеі. «Старога прыяцеля», як называў ён свой мундзір, гісторык нават ушанаваў вершам, які пачынаўся гэтак:
Калі я ўсё страціў падчас краёвых бур,
Ты адзін са мной застаўся, мой стары мундур!
Ты блішчаў на мне ў часы,
калі Край быў у патрэбе,
Я ж рызыкоўна падстаўляў пад кулі сябе і цебе.
Зніклі мае прыгожыя дні,
як дым у начных ценях знікае,
Але той усё ж шчаслівы, хто ўспаміны мае.
Тэадор Нарбут жыў гэтымі ўспамінамі і мацаваўся імі да позняй старасці, пры гэтым часта паўтараў: «О, лёс! Хто меў цябе ў нашым краі…»28.
Такога кшталту расказы Зоф'я Кавалеўская магла пачуць ад дзяцей Тэадора Нарбута, і дадатковую веру ў верагоднасць усіх гэтых прыгод у 1812 г. дадае аўтэнтычны верш Тэадора пра мундзір.
Пікантнамі рысамі жыцця маладога Нарбута ёсць яго ўдзел у дзейнасці таварыстваў шубраўцаў29 і масонаў – у Літоўскім нацыянальным музеі захоўваецца аздобленая масонскай сімволікай шклянка з выгравіраваным надпісам «Тэадор Нарбут» і годам – 1817.
Жыццё ў маёнтку Шаўры
Маёнтак Шаўры ў 1844 г. меў 77 прыгонных сялян, браты Нарбуты (Тэадор, Адольф і Ксаверый – сыны Яўхіма) валодалі ім разам30. Маёнтку належалі 860 дзесяцін зямлі з трыма сялянскімі вёскамі.
Усе мастацкія і навуковыя творы Тэадора Нарбута былі напісаны ў Шаўрах – у тым ліку і яго знакамітая праца «Dzieje starożytne narodu litewskiego» («Гісторыя літоўскага народа», т. 1—9, Вільня, 1835—1841). Сядзіба стала творчай лабараторыяй і месцам працы гісторыка, у ёй месцілася бібліятэка, калекцыі і збор старажытных рукапісаў. З акна свайго кабінета Тэадор бачыў Радуньскі замак, які штодзень натхняў яго на творчую працу31.
З Шаўроў Нарбут праз ліставанне абмяркоўваў самыя розныя пытанні – ад эканамічных да пытанняў вырошчвання льну і канопляў, тут ён перакладаў Гарацыя, Мігеля дэ Сервантэса і Жан-Жака Русо. Тут пісалася самабытная паэзія