Трэба сказаць, што за сваю вайсковую службу Тэадор Нарбут меў шэраг узнагарод, стаў кавалерам ордэна св. Уладзіміра 4 ступені, кавалерам ордэна св. Ганны 4 ступені і за будаўніцтва цвердзі ў Бабруйску ў 1809 г. кавалерам ордэна св. Ганны 2-й ступені.
Пасля выхаду ў адстаўку Нарбут вярнуўся ў свае ўладанні ў Шаўрах і прысвяціў сябе даследаванням мінуўшчыны роднага краю, хаваючыся ад французаў. Па іншай версіі, ён дачакаўся адступлення царскіх войскаў і далучыўся да Напалеона. Згадванне яго дачкой французскага маршала Басано, пацвярджае гэтую версію біяграфіі, згодна з ёй Нарбут не хаваўся ў адстаўцы ад французаў, а ў 1812 г. выступіў за аднаўленне ВКЛ на баку Напалеона, пра што пісала і яго дачка: «Пра сваё жыццё ў 1812 г. ён расказваў мне з запалам. Праз шмат гадоў ён з дрыжачымі вуснамі апавядаў, што заўсёды тады меў надзею на лепшую будучыню»18.
Усе біёграфы Тэадора Нарбута паведамляюць дзве версіі абставін жыцця гісторыка ў 1812 г. Па адной з іх, ён ціхамірна жыў у сваіх родных Шаўрах і займаўся гісторыяй нашага краю. Па другой версіі, 1812 г. для Нарбута быў напоўнены падзеямі і неверагоднымі ваеннымі прыгодамі19.
Польскі біяграфічны слоўнік20 коратка піша пра другую версію падзей 1812 г., як пра магчымую і грунтуе яе толькі на кнізе Зоф'і Кавалеўскай «Дзеі паўстання Лідскага…»21. Зоф'я Кавалеўская з Лянтоўскіх (1853—1918) нарадзілася ў в. Малыя Бакшты сучаснага Маладзечанскага раёна і ўсё жыццё займалася фалькларыстыкай і этнаграфіяй, даследавала паўстанне 1863 г., з'яўлялася аўтаркай шэрагу кніг і артыкулаў. Тэксты Кавалеўскай грунтаваліся на яшчэ жывой памяці жыхароў Лідчыны пра падзеі 1863 г., на асабістых кантактах і размовах з дачкой гісторыка Тэадорай Манчунскай і яго сынам Баляславам Нарбутам. Яе кніга друкавалася як серыя артыкулаў пра паўстанне на Лідчыне ў газеце «Дзённік Віленскі»22 і потым была выдадзена асобнай кнігай.
Кніга Кавалеўскай мае шэраг дробных недакладнасцяў і мастацкіх перабольшванняў, якія ў цэлым не псуюць яе вялікую каштоўнасць, бо сур'ёзных, сутнасных памылак праца не мае, і я схільны лічыць ніжэй прыведзеныя факты біяграфіі Нарбута дастаткова верагоднымі.
Зоф'я Кавалеўская піша, што Тэадор Нарбут, як і ўся наша шляхта чакаў прыходу французаў як збаўлення. Свае надзеі і пачуцці ён выказваў ва ўзнёслых вершах. У адным з тагачасных твораў Нарбут апавядае пра сустрэчу на Замкавай гары ў Вільні з духам Ліздзейкі. Першае, што робіць дух, прыняўшы вобраз арцыкаплана ў такі важны для Літвы момант, – знімае з галавы Тэадора ненавісны трохкутны вайсковы капялюш. Гэты паэтычны твор доўгі час