Тэадор Нарбут усё жыццё пісаў вершы, частку з якіх пакінула ў сваім архіве яго дачка Тэадора Манчунская, але пісаў «для сябе» і не лічыўся добрым паэтам, яго дачка ўспамінала: «Мой бацька нарадзіўся яшчэ пры падзелах, а яго лютня нарадзілася ў 1798 г. ва ўзросце 14 гадоў, хоць яе і немагчыма параўнаць з лютняй Адама [Міцкевіча]…»80, – верагодна свой першы верш Нарбут напісаў у 14 гадоў.
Для гісторыка, як і для іншых асоб, перапынкамі ў бытавой нудзе былі розныя здарэнні, пра якія ён таксама пісаў свайму сябру. 30 жніўня 1842 г. Нарбут паведаміў доктару пра дзіўную падзею, якая раней адбылася ў Лідскім павеце: «Жыхар Лідскага павета Якімовіч узяў у арэнду па-францішканскі кляштар і жыве там ў келлі гвардыяна. Ён хацеў перарабіць спальню і за старой абіўкай знайшоў лацінамоўны рукапіс, напісаны вельмі старым почыркам, у якім меўся рэцэпт нейкага таямнічага спірту. Можа гэта быў рэцэпт алхіміка Твардоўскага ці Парацэльса? Захацеў паспрабаваць. Самым цяжкім было знайсці дзяўчыну. Знайшоў, наладаваў апарат, на які ў пэўнай позе села дзяўчына з нейкімі зёлкамі ў руках і з вянцом з зёлак і пёраў птушкі савы на галаве. Справа адбывалася ў поўнач. Тым часам апарат нагрэўся, колбы і рэторты ўзарваліся і разарвалі дзяўчыну на кавалкі. Сам Якімовіч атрымаў апёкі, ад якіх памёр, кляштар ледзь уратавалі. Гэта адбылося ў Лідскім павеце, у ліпені, у кляштары Шайбакполе»81. Інфармацыю пра падзеі ў Шайбакполі гісторык прасіў перадаць аптэкару Савіцкаму.
Пра гэты выпадак, Нарбут напісаў у сваёй кнізе82. Са спасылкай на Нарбута, паведамляў пра яго і Міхал Шымялевіч: «Ён (Якімовіч) пасля закрыцця кляштара францысканцаў у Шайбакполі Лідскага павета атрымаў у валоданне ад скарбу фальварак з сялянамі і гаспадарскія пабудовы былога кляштара, дзе і жыў. Падобна, што рамантуючы будынкі, ён знайшоў на кляштарным паддашшы, заваленыя рознай непатрэбнай мэбляй старыя паперы і стосы друкаваных кніг. Кнігі і паперы былі ўжо збуцвелыя і паедзеныя мышамі. Таксама быў там збор рэцэптаў і сакрэтаў алхімічных, але гаспадар мне іх не паказваў. Згодна з нейкім рэцэптам, (Якімовіч) хацеў зрабіць нейкі бальзам. Для гэтага, як патрабаваў рэцэпт, ён знайшоў цнатлівую дзяўчыну ва ўзросце 18 гадоў. Уважліва вывучыўшы паперы, алхімік развёў агонь у пустых склепах пад былым касцёлам, пры гэтым агні прыставіў флягу ці шкляную колбу, а сам разам з дзяўчынай раздзеліся дагала і пільнавалі начынне колбы, якое складалася з гаручых матэрыялаў. Хутка колба лопнула, адбыўся моцны выбух агню, ад чаго сам алхімік і дзяўчына атрымалі апёкі, ад