У цябе будуць ворагі, Цімур, казаў стары мудры Альберт. Першы – страх. Дойдзе да таго, што ты будзеш ведаць, што загінеш. Галоўнае – усьвядоміць гэта, і страх пройдзе і ніколі больш ня вернецца. Потым будзе яснасьць. Ты ўсё зразумееш, і захочаш проста э-эээ… сузіраць. Але не паддавайся, працягвай, ты можаш. Нарэшце, сіла. Ты атрымаеш сілу, і калі згубіш галаву, ужываючы сілу – ты прапаў.
Апошняга ворага можна прымусіць адступіць, але не перамагчы.
Гэта сьмерць, Цімур.
Зноў далі буйны план, і Альберт ледзь заўважна падміргнуў яму.
Стары мудры Альберт… Спалохаўся, што гэты блакітнавокі беларускі хлопчык заступіць яму шлях да Цімурава цела. Так, усе гэтыя запісы Белазоравай бухой балбатні праз тэлефон і ў сацсетках, дэбошы за мяжой і гістэрыя з чарвовай дамай на сёмым месяцы, падкінутыя Зьверу, – гэта ўсё старасьць доктара Альберта.
Ня бойся, стары. Мне твая мудрасьць патрэбная ня менш, чым твая старасьць. Ты заслужыў камфорт і супакой.
Вось чаму ён выклікаў Белазора да сябе ў кабінет, выклаў перад ім на стол усе карты і паглядзеў яму ў вочы.
У мільганьні тэлекарцінак ён не заўважыў, як гадзіньнік вострай сьпіцай саткаў адчынены разор, тонкія нажніцы да дванаццаці. Расслабіўся. Гэтыя мроі пра сусьветнае панаваньне яму калі-небудзь дадуцца ў знакі.
Час.
Пара ехаць туды, дзе сёньня пачнецца новая гісторыя. Гэта трэба пракантраляваць асабіста.
Цені ад готыкі раскрэсьлівалі вестыбюль у складаную ўзорыстую клетку. Вялізнае шахматнае поле.
Зьвер падняўся з-за ноўтбука і пільна, гатоўна, як заўжды, глядзеў на яго. Падкачаны тутэйшы орк, падабраны ў старыя добрыя часы недзе ў Вісла-Одэрскім міжрэччы, сыраядзец з “Блэкўотэр”, у якога за плячыма (а ён у дзьверы бокам уваходзіць, гэта наконт плячэй) палова гарачых кропак сучаснасьці. Зноў балуецца сваімі акультнымі рытуаламі, джэдай хрэнаў. Замовіў комп пад сьпірытычны столік і чакае прыходу. Зьвяруга яшчэ той, і нюх, і спрыт, і жорсткасьць, усё пры ім – але ніяк ня можа вылавіць банду гэтых грэбаных падпольшчыкаў. Ільва. Секта, пляце сеткі ў сеціве. Ясна, што іх там усяго некалькі, інакш ужо даўно пракалоліся б – але за імі яўна стаіць хтосьці пасур’ёзьней.
Мерна тукаючы абцасамі, Цімур падышоў упрытык і паўхвіліны выпрабавальна глядзеў яму ў самыя крута звараныя бялкі, аж покуль у таго ня дрыгнулі зрэнкі.
Гадоў сямсот таму ў адказ на зьнішчэньне свайго гарнізона ў Ісфахане Тамерлан узяў горад штурмам, склаў гару з галоваў на галоўнай плошчы, і сем тысячаў дзяцей, меншых за сем гадоў, стаптаў у полі коньмі.
– Дзе Белазор?
– Дома не зьяўляўся. Машына тут, на паркоўцы. Тэлефон не працуе, само сабой. Сацсеткі, пошта – пуста. Па камерах па горадзе пад тысячу супадзеньняў, правяраем метро, офісы, працуем. Мне кожныя паўгадзіны дакладаюць. Картка пакуль нідзе не засьвяцілася.
– Я не пытаюся