Вось што пісаў Вандалін Шукевіч пра гэтую важную для гісторыі Лідчыны постаць: «Не трэба даказваць, наколькі важна для даследчыка развіцця культуры вывучэнне такіх праяў духу, як народныя вераванні, павер'і і забабоны. […] Гэты матэрыял, у значнай ступені, належыць сёння ўжо нябожчыку Уладзіславу Абакановічу, некалі сябру Сыракомлі і таксама паэту, чые ўдалыя вершыкі, падпісаныя псеўданімам «Вл. з Заціша» былі вядомыя 30 гадоў таму чытачам розных часопісаў («Opiekuna Domowego», «Przyjaciela Dzieci», «Tygodnika Mód» і інш.). Ён паходзіў са шляхты Троцкага павета, усей моцай сваёй душы любіў наш народ, у свой час быў разбуджаны Тышкевічымі, Кіркорам, Нарбутам (пад уплывам якога ён некаторы час знаходзіўся) і іншымі. Ён цікавіўся краёвымі справамі, што падказала яму неабходнасць збору вуснай народнай творчасці, якую ён і сам памятаў з дзяцінства і якую чуў падчас сваіх блуканняў па свеце.
Тут варта адзначыць, што не толькі сялянскія вёскі і засценкі дробнай шляхты забяспечвалі с. п. Абакановіча матэрыялам для яго збору – у сярэдзіне XIX ст. нават дворыкі і двары вышэйшай часткі землеўладальнікаў былі так жа прасякнутыя атмасферай забабонаў і павер'яў, як і ў часы палення ведзьмаў. І нават сёння не адна дачка шляхціца прасякнута як верай у св. Андрэя, гэтак і верай у забабоны, і на вяселлі ў сяброўкі яна цягне вугал дывана, як і звычайная сялянка Кася, а шляхціц верыць у «злое вока», як і яго сусед, селянін Юрка.
Дзякуючы менавіта гэтаму, с. п. Абакановіч сабраў вялікую колькасць народных забабонаў выключна ў Віленскай губерні, і, калі б яго зборы захаваліся ў цэласнасці, яны былі б вялікім укладам у вывучэнне фалькларыстыкі. На жаль, у апошнія гады свайго жыцця ён перастаў цаніць тое, што калісьці было надзвычай дарагім для яго, і палічыўшы свой збор некаштоўным, шмат што з яго спаліў. Засталіся толькі рэшткі, якія трапілі ў мае рукі пасля смерці гаспадара.
Гэтыя рэшткі, якія складаюцца з павер'яў, забабонаў, вядзьмарстваў, варажбы і г. д., некалі здабытых с. п. Абакановічам сярод розных класаў нашага краю … [былі надрукаваны].»96.
Дадам, што гувернёр дзяцей Нарбута і настаўнік Вандаліна Шукевіча Уладзіслаў Абакановіч, навучаў дзяцей граматыцы і каліграфіі, пісаў для іх вершыкі, якія вучылі дзяцей патрыятызму і дапамагалі разумець самыя цяжкія праблемы гісторыі, вучыў дзяцей любіць і разумець сапраўдную літаратуру.
Абакановіч застаўся ў Начы як сябар і амаль што член сям'і Шукевіча. Займаўся тут агародніцтвам, тут жа памёр і быў пахаваны97. Таму, неабходна заўважыць, што ўсе этнаграфічныя матэрыялы Абакановіча належаць Лідскаму павету (які ў той час знаходзіўся ў Віленскай губерні) і нашаму беларускаму народу.
Трэба адзначыць, што дачка Вандаліна Шукевіча, збіральніца беларускага фальклёру Ванда-Аліна (28.11.1885—1911) выйшла замуж за ўнука гісторыка Тэадора Нарбута – таксама Тэадора