Раніцай застуканыя на месцы злачынства асуджаны паўстаць перад судом. Займацца «такім паскудствам» у яе доме! Галіна Іларыёнаўна трагічна заломвае рукі. Такога сораму яна, вядома ж, не перанясе. Па кухні плыве дакорлівы пах валяр’янкі. Матэма-тык (сёння сняданак яму ніхто не гатуе) выпраўляецца на працу галодным. Карцінна напаўлежачы на канапе (поза, вартая кісці Кустодзіева) і прыкладаючы да вачэй насоўку, маці саркастычна пытаецца ў дачкі, як тая магла стаць жонкай мужчыны «з такімі плечыкамі». Хударлявы Матэматык сапраўды не можа пахваліцца спартыўнай фігурай: плечы ў яго неразвітыя, як у падлетка, і да таго ж пакатыя. «Мужчына – і без плячэй! – не можа супакоіцца маці. – У твайго бацькі яны былі як у грэнадзёра пяхотнага палка!»
Юля ніколі не бачыла ні свайго бацькі, ні яго грэнадзёрскіх плячэй, якім належала абараняць яе ад жыццёвых нягод. Тым не менш, унутрана яна згодна з мамачкай: Матэматыку далёка да ідэальнага каханка. І няважна, што ён называе жонку «мая пацерачка», сам мые посуд, а па выхадных прыносіць Юлі ў ложак то яблык, то кубачак чаю. Затое ён так непрыгожа жмурыцца, калі забывае ў бібліятэцы акуляры, а ў трыццаць гадоў напэўна палысее, да таго ўжо маюцца перадумовы. Хіба пра такога героя яна марыла? Верагодна, яна ўсё ж развядзеца з ім, інакш ёй ніколі не спраўдзіць свой лёс, не сустрэць сваё Вялікае Каханне!
Ціхі, рахманы Матэматык, на жаль, не мае шанцаў: яго жонцы патрэбна каханне трагічнае ды нешчаслівае, ён жа любіць яе цярпліва і аддана. Гэты шлюб не выратуе нават тое, што пасля дзікага скандала з Галінай Іларыёнаўнай, прычынай якога быў пацук (аб гэтым гутарка наперадзе), Юля з Матэматыкам сыходзяць у інтернат шклозавода. Цяпер у іх ёсць уласны пакойчык, і, у якасці дадатку, – агульная з пяццю дзясяткамі насельнікаў кухня, адкормленыя да неверагодных памераў прусакі, бруд у адзіным на этажы сарціры ды хранічна няспраўная электраправодка. Амаль шторанку дзверы пакойчыка заблакіраваны з калідора непрытомным целам, жаночым ці мужчынскім. Цела пры спробе вярнуць яго да жыцця вывяргае брудны паток лаянкі.
Аднак Юлю ўсё гэта, уласна, не тычыцца – яна занята сачы-неннем рамана свайго жыцця. Гэта вам не кантрольная па літаратуры! І наступнай часткай «нятленкі» значыцца РАЗВОД. Звычайная справа: жонка паведамляе мужыку пра тое, што кахае іншага. Вось яно, збылося: нябёсы падарылі ёй сапраўднае пачуццё! Матэматыку гэтага дастаткова. Ён пакуе валізку і пера-біраецца ў лабараторыю НДІ суседняга горада, дзе працуе. Што ж, цяпер нішто не замінае Юлі аддацца новай жарсці.
Чытач, вам хочацца хутчэй даведацца, хто шчаслівец? Можаце зірнуць на яго выяву, якую Юля гатова разглядваць гадзінамі. Іх разам сфатаграфавалі для газеты, вось і подпіс: герой афганскай вайны расказвае школьнікам пра свае подзвігі. На памятай старонцы мясцовай «раёнкі» (паднясем яе да лямпы) скрозь суцэльную