Рай даўно перанаселены (зборнік). Алена Брава. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Алена Брава
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Другі фронт мастацтваў
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2012
isbn: 978-985-6906-58-2
Скачать книгу
ю цалкам задаволеныя, чаго нельга сказаць пра аднакласнікаў з дзявятага «Б»: менавіта ў гэты «дружны калектыў» яна, нідзе і ні ў чым не растваральны асадак восьмага «В» (выпускнога класа, які імгненна растаў, нібы цукар, у масе гарадскіх СПТВ), прыйшла са сваім пух-лым дэрмацінавым партфелем першага верасня другога года ад пачатку васьмідзясятых. Хлопцы, зазірнуўшы на перапынку ў яе дзённік, загорнуты ў ахайную вокладку (ні кляксы, ні задумлівага малюнка на палях, падумаць толькі!), высветлілі, што адзнака «добра» з’яўляецца тут рэдкім госцем, а «дрэнна» і ўвогуле не начавала, пасля чаго адразу страцілі да яе ўсякую цікавасць. Дзяўчаты ўважліва агледзелі яе купленую навыраст форменную сукенку з латамі на локцях, пухнатыя каштанавыя валасы, якія яна чамусьці закручвала ў старэчую фігулю на макаўцы (альбо заплятала ў касіцы з белымі бантамі), баваўняныя, з «Дзіцячага свету», калготкі, што збіраліся ў складкі на каленках, як іх ні падцягвай, і з пагардаю адвярнуліся.

      Але што там – калготкі! Горш за ўсё быў выраз вачэй новенькай: нейкага натхнёнага суму і самаадданай гатоўнасці выкласціся дарэшты. Вочы, між іншым, былі колеру няспелага агрэсту, з густымі веямі і ружаватымі павекамі, заўжды прыпухлымі, нібыта пасля слёз, а скрозь скуру прасвечвалі блакітныя жылкі, што тая рачная сетка на новенькай контурнай карце па геаграфіі. Але ніхто не спяшаўся скіраваць свае ветразі да гэтага пятнаццацігадовага мацерыка, яшчэ не адкрытага і не нанесенага на карту. Юля – так звалі гаротнічку – з усяе моцы намагалася заслужыць адабрэнне класа: уцерлася ў світу прыгажуні Зоі Мардасавай, не-пераўзыдзенай спецыялісткі ў галіне апранах імпартных дзеў, на перапынках бегала ў шклозаводскую кулінарыю па пірожныя для Зоі ды цыгарэты для Сашы Сомава па мянушцы «Сэм», які, дарэчы, склаў пра бягунню вершык:

      Наша Юля лепш за ўсіх скакала,

      А ёй паставілі два балы!

      Што і казаць, выкладвалася яна занадта.

      Некаторыя ўжо чулі, што ў дванаццаць год выдатніца, не ўмеючы плаваць, скочыла з вышкі ў басейн, адкуль яе вылавіў багром настаўнік фізкультуры, – гэты «подзвіг» яна здзейсніла з-за любові да «англічанкі», усім вядомай зануды, якую празвалі Афеліяй за бясконцыя цытаты з Шэкспіра ды газавыя шалікі, што змяіліся за ёю па школьных калідорах разам са шлейфам мятнага лекавага паху.

      Падумаць толькі – з-за любові!

      2

      Сумная (альбо вясёлая – як паглядзець) гэтая love-story адбылася ў правінцыйным горадзе, дзе кожны дзень і нават год настолькі падобныя адзін да аднаго, што ў абарыгенаў міжволі ўзнікае адчуванне вязкага сну, выкараскацца з якога можна толькі пераскочыўшы ў іншы сон, – пры дапамозе алкаголю, тэлебачан-ня альбо рамантычнага кахання, каму што больш даспадобы. З дзяўчынкай – прататыпам галоўнай гераіні – я ўпершыню сустрэ-лася на гарадской алімпіядзе па роднай мове, дзе мы прадстаўля-лі кожная сваю школу. У канцы «мерапрыемства» быў канцэрт, на якім чыталіся вершы: у асноўным дэкламавалі савецкіх тагачасных класікаў. Юля (магчыма, у яе было іншае імя) адзіная з усіх высту-пала з вершам уласнага сачынення. У памяць запалі радкі:

      Каб выжыў дзень, забіваюць зоркі.

      Не забівай мяне абязбольваннем!

      І яшчэ:

      Жыццё і Смерць маюць адзін і той жа твар.

      Штодня яго бачу перад сабою…

      Нешта там было пра востры срэбны дрот, нацягнуты над безданню, па якім яна ідзе да каханага, зрэзаўшы ў кроў босыя ступні. Верш называўся «Шчасце». Акрамя зместу, мяне ўразіў голас дэкламатаркі: звонкі, як бразготка, ненатуральна ўзбуджаны, ён мог бы належаць адной з тых жанчын на старажытна-грэцкай кераміцы, што танчаць з паглыбленымі ў сябе тварамі, апавітымі плюшчом тырсамі ў руках і змеямі на таліях.

      Героі ды гераіні антычных міфаў з’яўляліся на свет самым мудрагелістым чынам: са сцягна ці галавы бацькі-грамавержца, з кропель крыві кастрыраванага бога, а то дык і наогул – ад дотыку німфы да кветкі. Чаму ж галоўнай гераіні майго рамана не нарадзіцца з верша пра каханне, прадэкламаванага са сцэны дзяўчом-падлеткам?

      Школа, у якой вучылася Юля, знаходзілася побач з маёй. Я часта потым бачыла гэтую дзяўчынку. Прыгадваю, як яна самотна стаіць, відавочна ўражаная апошняю, ужо нетутэйшаю прыгажосцю, не, хутчэй, голым сэнсам, які нясе ў сабе восеньская, пастрыжаная ў манашкі алея: золата пад нагамі, чарноцце ўзнятых дагары галін. Неяк я сустрэла яе ў краме разам з маці – атлусцелай, з грубымі рысамі твару, падталым ля каранёў валос фальшыва-бландзіністым сумётам прычоскі ды скрыўленымі злосцю вуснамі, яна лаяла Юлю за штосьці так гучна, што ўсе навокал азіраліся, а дачка моўчкі глядзела ў падлогу і ўцягвала галаву ў плечы. Было відаць, што для яе тая сітуацыя цалкам звыклая. Часам яна гуляла па шклозаводскім парку, прыціснуўшы да грудзей кнігу, выбіраючы самыя цяністыя куткі.

      Відавочна, сяброў у яе не было.

      3

      Што ж, чытач, сёння я не пацешу цябе сентыментальным распо-ведам. Я бачу маю гераіню застылым камарыкам у беспаветранай прасторы бурштынавай брошкі, станчэлым да павуціністага шкілеціка, абароненым адно празрыстаю, мядова-цягучаю