Суддзю, між іншым, завуць Сямён Сямёнавіч, як блазнаватага героя класікі савецкай кінакамедыі – «Брыльянтавай рукі». Дый як яшчэ могуць зваць чалавека, які ўжо цэлы год запар праходзіць міма, іншым разам нават купляе газету ў кіёску і не бачыць скіра-ваных на яго з абажаннем прыгожых агрэстава-зялёных вачэй? Шчыра спадзяюся, што ён так і не заўважыць адзінокую постаць, якая кожны дзень тырчыць тут (замест таго, каб рыхтавацца да паступлення ў ВНУ, дурнічка), а яшчэ лепш – зменіць маршрут. Зрэшты, я магу не турбавацца: у любым выпадку «Ён» не звярне на яе аніякай увагі.
12
Юля паступіла-такі ў інстытут замежных моваў: дзякуючы любові да Афеліі, з-за якой яна калісьці ледзь не ўтапілася, англійскую выдатніца ведала лепш за ўсіх у класе. Малавопытная правінцыялка зняла за пяцьдзясят рублёў кут з канапай у адна-пакаёвай «хрушчоўцы» на ціхай вулачцы Берасцянскай, побач з вайсковымі могілкамі, дзе меўся рэдкасны па тым часе цуд – дзеючая царква. Такое суседства яе зачароўвае: сярод магільных крыжоў можна гуляць, рамантычна пакутуючы па Сямёну Сямёнавічу, а ў царкве ёсць мноства ікон, якія ўвасабляюць яе мару аб ахвярапрынашэнні. Захапляе Юлю і блізкасць бібліятэкі імя Пушкіна: як-ніяк, кнігі – адзінае прыстанішча, дзе яна адчувае сябе цалкам дома.
…Некаторым людзям томікі класікі павінны выдавацца, як псі-хатропныя таблеткі ў аптэцы, – выключна па рэцэптах з круглымі пячаткамі, маючымі засведчыць факт таго, што іх падаўнік валодае дастатковай грубасцю натуры, каб не ператварыць гэтыя тэксты ў падручнік. Я часта спрабую ўявіць, якой была б Юля, не прачытай яна пра Незнаёмку ды Вялікага Гэтсбі, не глядзіся ў тыя чароўныя люстэркі, не акажыся паражонай, як заразлівай хваробай, ідэалам. Яна трымціць ад кожнай фразы, якая нясе адбітак прыгажосці, і сама не заўважае, што аплецена імі, нібыта сонны Гулівер вя-роўкамі ліліпутаў – ажно да страты здольнасці рухацца сама-стойна. Жыць ёй між тым давядзецца сярод люстэркаў крывых. Ёй заўжды будзе здавацца, што з начной прасторы за амальгамай цягне скразняком, а люстраная паверхня – усяго толькі занавес, ЗА якім і адбываецца сапраўдная дзея. Зрэшты, разбіць шкло, каб упэўніцца, што за ім абсалютна нічога няма, яна не асмеліцца: па паводзінах у яе таксама «выдатна».
13
Вялізная шафа для адзення з вадзяніста-зялёным люстэркам займае палову пакойчыка з вокнамі на могілкі. Глядзецца ў люстэрка страшна, як у багну, зацягнутую цінай: можа закружыцца галава. Шкло паедзена трупнымі плямамі гніючага тут часу. Гаспадыня кватэры (цяжка вызначыць, колькі ёй год) штодня працірае люстэрка, але ад гэтага яно не становіцца