праходзіць з чарговым дублёрам той жа цыкл ператварэнняў: з Распусніцы ў Дзяўчынку-Дыванок-ля-Яго-Ног, потым – у Параненае Сэрца і, нарэшце, у Пакінутае Дзіцянё. Ма-тылёк – кукалка – вусень, не мінуючы ніводнай з зададзеных стадый. Кожны раз колішняя выдатніца верыць, што ўжо цяпер дык усё атрымаецца, і яна сустрэне таго, хто дазволіць ёй сціплае шчасце (якое яму зусім нічога не будзе каштаваць) абагаўляць Яго. Але чамусьці ў гэткай дробязі ёй зноў адмаўляюць. Разнастаіла б яна сваю гульню, ці што! На жаль, я, аўтар, бяссільная прымусіць яе зрабіць гэта. Яна даўно выйшла з-пад майго кантролю і кіруецца адно сваёй логікай трызнення, ператвараючы мой расповед у чаргаванне вельмі падобных фрагментаў, кшталту вязання ірландскім узорам. Нечаканае прасвятленне, як у дзэне, – вось чаго чакаем ад яе мы з чытачом. Але пакуль яна настолькі прадказальная, што мне не трэба нават заплюшчваць вочы, каб уявіць яе, скажам, на парозе майго кабінета ў рэдакцыі. На ёй даўгаполае зялёнае паліто маркі «Бергхауз» і добра знаёмыя мне зношаныя боты, якія яна выйграла калісьці ў латэрэю. Яна сядае насупраць, кідае няўважлівы позірк у мой ноўтбук, дзе я ствараю раман пра яе. На экране акурат адкрыта гэта самая старонка.