І хто тут, скажыце, калі ласка, ахвяра, а хто – кат?
6
Я ўсё намагаюся разгадаць механізм гэтай патрэбы здзіраць запечаную скурачку з ран, якія ледзьве загаіліся, гэтага раман-тычнага мазахізму. Калі яна не закаханая, яна вязне ў ціне тугі ды неспатоленых жаданняў, нязграбнымі ўзмахамі плаўнікоў уздымае глей успамінаў, б’ецца рыбінкай у ільдзяных прасцінах. Але варта з’явіцца над паверхняю вады Рыбаку, як яна адчувае наймацнейшую патрэбу быць злоўленай. Яна марыць пра тое, як рыбалоўны кручок, які яна з замілаваннем праглыне, на гэты раз не стане разрываць ёй вантробы, як тое бывала раней, калі Рыбак выцягваў свой кручок назад, каб кінуць яе, напаўжывую, туды, дзе пакорліва чакаюць свайго лёсу жанчыны, якія раней трапіліся на яго прынаду. Не, на гэты раз усё зменіцца, фантазіруе яна, яе нарэшце ацэняць, заўважаць, што яна не падобна да іншых, і кручок у яе чэраве чароўным чынам ператворыцца ў боскае семя – ну проста як у чэраве Дзевы Марыі! Яна вынасіць і народзіць кананізаваны плод кахання. Як яна будзе абагаўляць тое дзіця! Аднак звычайны плод, з крыві ды клетак слізістай, мусіць быць выдалены.
Мне лёгка ўявіць, як сырым сакавіцкім вечарам яна апранае паношанае ружовае футра, у кішэні якога зліплася ў камяк салодкая арахісавая крыха. Вось яна стаіць пад вокнамі Быка, як калісьці стаяла пад вокнамі суддзі. Падыдзем бліжэй. Зараз яна заклапочана тым, што ўзводзіць унутры сябе музей (лямпы ў строгіх аблямоўках, ахоўнікі з рацыямі, служачая ў форме, шыльдачкі з надпісам «Рукамі не кранаць!» – усё як належыць), дзе ад гэтага часу будзе выстаўлены найкаштоўнейшы мастацкі твор – Ён. Адзіная наведвальніца будзе любавацца мужчынам здалёк, як цудоўным палатном, яна абавязкова гэтаму навучыцца. Ці ведаеш, родны, шэпча яна, звяртаючыся да акон (малюнак на зашморгнутых фіранках уяўляецца ёй свяшчэннымі таямнічымі пісьмёнамі чужога жыцця), мне досыць толькі майго кахання, кахаеш ты ці не – не мае значэння. Ад таго, што я – закаханая, свет напаўняецца вялікім сэнсам! І ні за якія даброты я не аддам гэтае шчасце: ведаць, што ты ёсць, ты дыхаеш, ходзіш, размаў-ляеш (чэша галаву, пазяхае, пераключае тэлеканал – гэтым ён якраз заняты) не ў іншым Сусвеце. Галоўнае – я цябе сустрэла! І няхай ты па волі лёсу дзесьці цяпер знаходзішся (у кухні, адчыняе лядоўню – шукае, што б з’есці), гэта неістотна. Цуд у тым, што мы адначасова ўвасобіліся на гэтай планеце! Ты для мяне – нябесная музыка сфер («музыка сфер» назірае за работай самагоннага апарата, які ў якасці пасага перавезла ў яго апартаменты буфетчыца: усё ідзе як след, варыва шматабяцальна бурболіць). Маё каханне зрабіла мяне царыцай! Яна стаіць у старэнькім штучным футры, якому няма зносу, а навокал шуміць чалавечы лес, ганарліва прагульваюцца пад руку парачкі. Жанчыны з драпежнымі ўсмешкамі