У аздобе той шарачковай варты паны сядзелі трохі прыгнобленыя. У Баляслава на твары ляжала панурасць. Раман Скірмунт кіўком галавы адказваў на паклоны сялян, капялюш ляжаў побач, і промні сонца, выпаласканыя і накрухмаленыя асеннім ранкам, мякка перабіралі яго сівыя ўскудлачаныя валасы.
Са свайго падворка выкацілася жвавая кабета Хрысціна Цярлецкая, яе дзед, расказвалі, працаваў у Скірмунтаў на бровары, хоць было тое яшчэ да Першай сусветнай – да таго, як немцы вывезлі вытворчасць у Германію.
– Панове! – не адрываючы вачэй ад нявольнікаў, усклікнула Хрысціна. – А куды ж гэта, шаноўныя, вас вязуць?
Вязні не знайшлі слоў для адказу, тады яна ўскінулася на Юстына, чмураватага дзецюка, які сядзеў бліжэй да конскага хваста:
– Юстын, клятая твая душа! Вы што ж гэта робіце?
– А нам загадана адвезці паноў у Пінск для большай бяспекі. Вось і вязём!
– От гэта паны, а не мы! А паны цяпер на вагу золата! – выскаліўся, паварочваючыся на Хрысцінін голас, паплечнік Юстына – Іван.
Купец Клямка, на якім ад перапуду ўжо, пэўна, твару не было, схаваўся за шулам варот, збуцвелых, пабітых шашалем. Стаяў колькі доўгіх і даўкіх хвілін, а вуліца гудзела, як моцна напятая і патрывожаная струна. Калі ж гамана трохі аціхла, ён кінуўся ў хату і похапкам сабраў у старую кашолку свае найкаштоўныя рэчы, у іх ліку, вядома, і сярэбраныя ды залатыя лыжкі, якімі любіў чэрпаць мёд. Ён укінуў туды яшчэ кавалак хлеба, прыкрыў усё гэта крамнінай, накінуў на дзверы замок і пайшоў цераз вуліцу напрасткі па ўтравелай сцяжыне, у Каранёўскі лес. У руках ён трымаў хатні нож, шырокі, новы, што прагна адліваў сталлю… Цяпер ягоны знешні спакой, як і нож і старая кашолка, павінны будуць засведчыць перад любым стрэчным-папярэчным: чалавек ідзе па грыбы! Ідзе і вернецца, далібог, ён не ўцякае. Толькі сам ён адчуваў, як нутро сцялася ад страху. Ён меў намер колькі гадзін правесці ў лесе, каб супакоіцца, адпачыць, а там думка-гаротніца павядзе яго далей… Куды? У шырокі свет. Цяпер галоўнае – не сядзець дома.
Волкія нізкія галінкі час ад часу сцёбалі яму па твары, прымушалі быць уважлівым. Ішоў доўга. У нагах пачала адчувацца стома, і ён прысеў адпачыць на стары, учарнелы пень. А навокал было гэтак сцішана! Тут царыў па-ранейшаму дрымотны, зямны і незямны