Пра віхуру Мані нагадваў акурат і небывалы людскі ход, арганізаваны камуністамі. Калі калона выйшла на плошчу, свой чырвоны палымяны сцяг Андрэй Райкевіч замацаваў на будынку апусцелага паліцэйскага пастарунка. Людскі галас, воклічы, смех – усё гэта надавала адметнасць святу.
Камуністы і камсамольцы – апошніх узначальваў Данік Плюнгер – арганізавалі ўзброеную групу самааховы і аператыўных дзеянняў. Хлопцы як бачыш раззброілі польскіх асаднікаў і ляснічых, праўда, тых было небагата, з натхненнем пачалі шукаць, дзе б яшчэ прымяніць свае сілы і ваенную вывучку.
Неспакойная ўвага сяброў гэтай і іншых рызыкоўных груповак найчасцей спынялася тут на паляках, якіх прымалі за чужынцаў, а яшчэ на яўрэях, што ўцяклі з Польшчы, звычайна багатых, напалоханых і безабаронных. Да іх нахабна ліплі, прыставалі ды розным манерам адбіралі дабро.
З гэтага дня, бадай, і пакінулі мястэчка Моталь спакой, калі ён яшчэ ў каго заставаўся, лад у думках, калі пэўныя думкі былі. Доўгія гады прыціску, несправядлівасці, здзеку, які польскія ўлады чынілі з тутэйшага люду, спарадзілі багата ў каго прагу да помсты, а сёй-той проста браў прыклад з іх жа, ліхадзеяў. Ну хіба мог Данік Плюнгер, скажам, мець лагоду ў душы, умеркаваны розум, спакойны характар, калі з-за ягонага камуністычнага імпэту жандары раз за разам успорвалі страху ў бацькоўскай хаце і глуміліся з іхняга набытку? Дайшло да таго, што бацькі афіцыйна мусілі адмовіцца ад свайго сына Даніка… І не давядзі Божа каму перажыць такое. Не, не, ён, бадай, адплоціць свету і найперш панам за ўсе свае крыўды.
Так і іншыя. Цяпер кожны з пакрыўджаных і абражаных хацеў паказаць сваю сілу.
Дачуўшыся, што ў маёнтку Скірмунтаў у Моладаве сабралася шмат паліцыянтаў і іншых класава чужацкіх і падазроных элементаў з вясковага наваколля, мотальскія рэвалюцыянеры на чале з Плюнгерам паспяшаліся туды. Аднак высокія і тоўстыя сцены агароджы з бітым шклом наверсе рабілі маёнтак крэпасцю. Разгневаныя асадай, паліцыянты схапілі і закатавалі Алеся Дзямковіча, парламенцёра, пасланага туды для перамоў. У перастрэлцы загінуў яшчэ адзін з апалчэнцаў – Герась Кузюр… Іх кроў – як тая жывіца ў агонь.
Таму, калі ноччу варожы хаўрус пакінуў маёнтак і рушыў у напрамку Янава, камуністычнае, так бы мовіць, апалчэнне ўварвалася ў панскі палац і ўчыніла расправу над прыслугай, палічыўшы, пэўна, па нейкіх заломах класавай думкі, што прыслуга таксама мае віну перад камуністычным светам. Знайшлі і паноў – Генрыка Скірмунта і ягоную сястру Марыю, іх вывелі за сцены маёнтка і расстралялі. Толькі ўшанаванаму польскімі ўладамі дыпламату Канстанту Скірмунту ўдалося ўцячы разам з узброеным атрадам.
Выканаўцы гэтага рэвалюцыйнага акта не пакінулі для нашчадкаў сваіх візітовак. Фактам, аднак, застаецца тое, што ў карных экспедыцыях не ўдзельнічалі ні Андрэй Райкевіч, ні Ян Мацукевіч. Мо яны прынцыпова пазбягалі крывавай і бруднай справы – самасуду?.. Магчыма.
Цяпер кожны дзень прыносіў у сядзібу Пісарчукоў скрушлівыя