Мастак. Да 200-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі (зборнік). Тарас Шаўчэнка. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Тарас Шаўчэнка
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Биографии и Мемуары
Год издания: 0
isbn: 978-985-7089-31-4
Скачать книгу
і ўзяліся за вялікую гістарычную справу нацыянальнага адраджэння.

      Выразныя аналогіі знойдзем у творчасці Беранжэ, Гюго, у Лесінга, Гейне, Зейме, іншых нямецкіх паэтаў-дэмакратаў першай паловы XІX ст.; у Герцэна, Чарнышэўскага, Салтыкова-Шчадрына, В. Курачкіна, а асабліва – у паэтаў нацыянальна-вызваленчай барацьбы: Міцкевіча, Пецёфі, Хрыста Боцева, Хасэ Марці… Можна спаслацца і на высокую хвалю нацыянальнай самакрытыкі ў французскай літаратуры канца XІX ст. (у прыватнасці, Рамэна Ралана) пад уплывам паразы ў франка-прускай вайне 1870 года і выкліканай ёю нацыянальнай дэпрэсіі (а наколькі цяжэйшай была гістарычная катастрофа Украіны!). Ва ўсіх гэтых пісьменнікаў знойдзем нямала амаль даслоўных пераклічак з нашымі Шаўчэнкам, Франко, Лесяй Украінкай. І гэта не выпадкова: супастаўляльныя абставіны даюць супастаўляльныя наступствы.

      Але адначасова Шаўчэнка вельмі спецыфічны ў характары і амаль недасяжны ў энергіі бічавання «ўласнага» панства, псеўдапатрыятызму, рабства, лакейства, халуйства, заспанасці, ленасці, страты традыцый гераічнай барацьбы за свабоду. Тут у яго ёсць моманты глыбокай унутранай супольнасці з вялікімі паэтамі нацыянальных адраджэнняў шэрагу іншых народаў Расійскай імперыі.

      Паэзія Шаўчэнкі спараджала нацыянальны сорам няўтольным бічаваннем перабежніцтва і маўклівага рабства, будзіла нацыянальны гонар слаўнымі гістарычнымі ўспамінамі і адкрыццямі любові, а гэты гонар, кожны раз падвяргаючыся смяротным крыўдам зневажальнай рэчаіснасці, зноў вярэдзіў сорам. Так пастаянна жывілі адно аднаго, адно ў іншае пералівалася і адно другое памнажалі – сорам і гонар, любоў і нянавісць, вера і безнадзейнасць. Гэтае цяжкае змаганне і пакутлівае ўзаемаапладатварэнне супярэчных пачуццяў, гэтыя жывыя згусткі болю і пакуты – з малавядомай у сусветнай паэзіі сілай выліваліся ў пасланні «І мертвим, і живим…», вершах «Чигрине, Чигрине…», «Юродивий», «Осія. Глава XІV. Подражаніє» і многіх іншых.

      Паэт нібы свядома развярэджваў нацыянальны сорам: ім, як і нацыянальным гонарам, нацыянальнымі ўспамінамі, ён быццам бы хацеў перарадзіць цэлую нацыю, змяніць яе гістарычны лёс. Як вялікі падзвіжнік, ён прымае на самога сябе яе грахі і нягоднасці, заклікае сябе за іх да адказнасці, караецца за тое, у чым не вінаваты, кажа «мы» там, дзе мог і павінен быў бы сказаць «вы»!

      Зразумела, па-рознаму гаварыў Шаўчэнка пра рабоў несвабодных, рабоў па слепаце, «рабоў рабоў» (яго вобраз) – і пра рабоў самаахвярных, рабоў шчырых, рабоў старанных і пільнуючых у сваім рабстве, рабоў па прывілеяванаму становішчу, рабоў па панству. Першым ён то спачуваў, то папракаў, а на другіх наклікаў лютыя пакаранні.

      З непамернага сораму і болю за ўсіх нараджалася і «вялізнае» (Франко) слова за ўсіх. Яно было ў рост з той гістарычнай місіяй, якую Шаўчэнка свядома на яго ўсклаў: выкаваць да «старога плуга» «новы нарог і разец», «распароць дрэннае, гнілое сэрца, цяжкае» сваёй нацыі – «выцадзіць сукравіцу» і наліць «жывой казацкай той крыві, чыстае, святое!». Менавіта такі нацыянальна-ратаўнічы сэнс маюць