З усёй панскай пароды найагідным Шаўчэнку быў той тып пана, што «вальнадумнічае ў карчме» з мужыкамі. Не таму, вядома, што вальнадумнічае, і не таму, што ў карчме, і не таму, што з мужыкамі. А таму, што разумее па-аднаму, а робіць па-другому. Таму што мала яму драць шкуру з «братоў-аратых, недарэкаў», а трэба яшчэ пры гэтым і падмануць іх сваім «браталюбствам», прытупіць, прыспаць іхні натуральны недавер і варожасць да пана.
Сам жа Шаўчэнка, у пачатку 40-х гадоў перажыўшы кароткі перыяд надзеі на тое, што гарачым словам ісціны пашанцуе пераканаць «землякоў» пэўнага роду «абняць малодшага брата» (дарэчы, заклік не выпадковы, вельмі характэрны для таго часу і, магчыма, навеяны ідэямі і фразеалогіяй славянафільства), – перажыўшы гэтыя кароткачасовыя ілюзіі, больш ніколі не вяртаўся да іх, не верыў у прымірэнне паноў і сялян, узаемную згоду паміж імі, цвёрда зыходзіў з таго, што шчаслівае жыццё сялянства магчыма было б толькі тады,
Калі б не засталося
І следу панскага ва Ўкрайне.
Шаўчэнка некалькі дзён не дажыў да апублікавання маніфесту аб вызваленні сялян. Але, вядома, чуў пра яго, чакаў яго. Мабыць, ён бы і парадаваў яго: усё ж такі воля, – і засмуціў: не тая воля! Зрэшты, не будзем гадаць. Ведаем толькі, што ён думаў так, як народ, – значыць, і паставіўся б па-народнаму.
Яшчэ ў сярэдзіне 40-х гадоў, у той час, калі значная частка, калі не большасць, свабодалюбных грамадзян Расійскай імперыі не магла яшчэ казаць пра «Гасудара», «Айца», «Правадыра Рускага народа» без вернападданага «ўздрыгу» і «глыбокай павагі», – Шаўчэнка зрабіў цара і царыцу аб’ектам камедыі («Сон») і сказаў у адрас рускіх цароў страшныя, неймаверныя тады словы: «Каты! каты! людаеды!». Сёння нам нават цяжка ўявіць усю меру бясстрашнасці такога меркавання, такіх слоў для таго часу. Як і тую палітычную мудрасць, якая была для гэтага патрэбна.
У той час, калі Пётр І і Кацярына ІІ былі амаль кананізаванымі святымі Расійскай імперыі, самымі вялікімі святынямі імперскага іканастаса («Паллада русская – бессмертная матерь отечества Екатерина… Отец отечества Петр…»[10]), – Шаўчэнка кінуў у вочы і іх духоўным нашчадкам, і расійска-ўкраінскім казённым патрыётам словы несмяротнай праўды:
Ён той первый, што распінаў
Нашу Украіну,
А вторая даканала
Ўдаву-сіраціну.
Каб зразумець іхнюю ашаламляльную смеласць і выкрывальную сілу, трэба ўлічваць гістарычны кантэкст, ідэалагічную атмасферу, славесна-стылістычны «этыкет» эпохі, нават яе моўныя стэрэатыпы. Даследнікі ўжо звярталі ўвагу на тое, як паслядоўна Шаўчэнка, парадзіруючы і «выварочваючы» прапагандысцкія штампы царызму, абвяргаў яго асноўныя ідэалагічныя формулы, а не толькі жаргон палітычнага побыту. Вось яшчэ адзін прыклад. Любімым вобразам, да якога абавязкова звярталіся пад найпатэтычную хвалю ўсе, хто хацеў прывабна ўславіць цара, быў вобраз бясконцасці яго ўладанняў і ўсёпранікальнасці яго нядрэмнага вока.
Праўдзівую