Перасцярога – важная для Шаўчэнкі місія. Місія яго слова, яго «агню святога». Паэт бязлітасна аспрэчвае размежаванне нацыянальных сіл пад спакуслівы бляск лёгкай нажывы, асуджае грэшнае забыццё мінулых і цяперашніх чалавечых пакут, выклікае Божую кару на галовы тых, хто далей гатовы хадзіць у ярме, хто і далей распінае малодшага брата, імкнецца аддаць свой народ «на здзек суседзям».
Хваравітае рэагаванне Шаўчэнкі на трагічныя гістарычныя падзеі мела жыватворную мэту: праз суперажыванне мінулага, праз драматычныя раны – да абуджэння нацыянальнай свядомасці, да маральнага ачышчэння, аздараўлення духу. Таму, лічыць ён, віну за рабства і спусташэнне варта бачыць перш за ўсё ва ўласных палітычных памылках, у перараджэнні ўкраінскай душы, у спрэчках, янычарстве, у здрадзе роднай нацыі, свайму народу.
Шаўчэнкавае слова вярталася ва Украіну для таго, каб абудзіць прыспаны нявольніцтвам дух, усяліць у свядомасць народа веру ў лепшы дзень, падняць нацыю на самаздзяйсненне, запаліць энергіяй тварэнне новага лёсу.
Ніколі і ні ў чым Шаўчэнка не ўзвышаў свой народ над іншымі, наогул не шукаў у ім рыс, уласцівых толькі яму і больш нікому. Ён быў не проста чалавекам, быў праўдзівым Чалавекам у прамым сэнсе гэтага слова, – пры тым, што быў сынам свайго часу і свайго народа, падзяляў іх недахопы ў дробным, але ў вялікім ішоў на шмат гадоў наперадзе, пра некаторыя рэчы мог сказаць так, як мы сёння не выказаліся б, – але гэта таму, што быў ён чалавекам праўды і не прыстасоўваўся да ідэальных уяўленняў, нават уласных. Не меў патрэбы ні цягнуцца да народа, ні нагінацца да яго, ні «дыялектычна» спалучаць адно з адным, як гэта даводзілася рабіць многім і многім людзям, выдатным, сумленным, але пастаўленым лёсам на вялікай і часта непераходнай адлегласці ад народа. Для яго народ не быў тэарэтычнай праблемай, ні нават шуканай кропкай апоры. Ён сам быў народ, таму што жыў яго жыццём і паняццямі.
Гэта быў менавіта лёс, гэта значыць болей, чым нават поўнае прысвячэнне сябе служэнню роднаму народу. Адсюль, з аднаго боку, гнеўнае бічаванне сацыяльнай несправядлівасці, жыццёвай няпраўды, з другога – гарачае слова пра гераічныя моманты нацыянальнай гісторыі, звязаныя з барацьбой за свабоду, пра пераможны дух народа, – але не для яго ідэалізацыі і самалюбавання і пыхі, а з мэтай абудзіць прыспаную нацыянальную свядомасць і дух народа. Адсюль – спалучэнне ідэі нацыянальнага вызвалення і развіцця з сацыяльным пераваротам і перабудовай, атаясамленне айчыны і яе лёсу з працоўным народам і яго лёсам; брацкія пачуцці да ўсіх іншых народаў, акрамя каланізатарскіх элементаў у іх; сумленны інтэрнацыяналізм, які ведае свой абавязак перад агульначалавечай сям’ёй народаў, аднак мае мужнасць і гэтай сям’і народаў нагадаць пра яе агульначалавечы абавязак перад сваёй пакрыўджанай нацыяй, без раўнапраўнага сцвярджэння якой свет будзе няпоўны і несправядлівы, такім чынам, не будзе мець апраўдання перад сумленнем і розумам.
Таму