Гайдамацкі «чырвоны баль» па ўсёй Украіне – для Шаўчэнкі не толькі справядлівая помста за прыгнёт і здзекі, але і глыбокая рана ў душы і свядомасці ўкраінскага народа. Яго трагедыя заключалася таксама ў супрацьстаянні праваслаўнай і ўніяцкай веры, у рэлігійнай раз’яднанасці этнічных украінцаў, якую ўсяляк узмацняла і культывавала польская шляхта. З глыбокім болем піша паэт пра жорсткае ліхалецце:
Не спыніла завіруха
Пякельнае кары…
. . . .
Пекла мала!.. Людзі, людзі!
Калі ж досыць будзе
Таго дабра, што маеце?
Дзіўныя ж вы, людзі!
Не спыніла вясна крыві,
Ні злосці людское…
Шаўчэнка славіць правадыроў свайго народа за іх ахвярнасць, мужнасць і сілу духу, за веру ў незалежную Украіну і адначасова папракае за разлад і неапраўданыя кампрамісы, за паражэнні, якія прывялі да нацыянальнага бяссілля, палітычнай пасіўнасці:
Гетманы, гетманы, калі ж бы вы ўсталі,
Калі б паглядзелі на той Чыгірын,
Што вы будавалі і дзе панавалі!
Заплакалі б цяжка, бо вы б не пазналі
Казацкае славы нікчэмных руін.
Паэт рыдае, успамінаючы «справы незабытыя дзядоў нашых». Гэта «цяжкія справы», бо пралівалі яны кроў сваю, свайго народа «за Маскву і Варшаву» і перадалі сынам «свае кайданы, сваю славу!».
Вялікія творчыя намеры маладога Шаўчэнкі і Шаўчэнкі-старэйшага, бязлітасна прыгнечанага шматгадовай няволяй, жывуць таксама на старонках яго вядомых на сёння пяці альбомаў – нататнікаў – «штамбухаў» для малюнкаў, эскізаў і запісаў. «Я малюю цяпер Украіну, – піша Шаўчэнка 29 чэрвеня 1844 года Восіпу Бадзянскаму. – …Намалюю краявіды, што ёсць ва Украіне, ці то гісторыяй, ці прыгажосцю адметныя; у другі раз – як сённяшні народ жыве, у трэці – як ён калісьці жыў і што вырабляў».
Пакінуць Пецярбург Шаўчэнка змог толькі ў траўні 1843 года, хоць мара ўбачыць Украіну ўзбуджвала яго творчае ўяўленне і нецярпліва зазывала ўзнавіць вобраз роднага краю ў серыі афортаў «Живописна Україна».
Ён просіць грашавітых людзей, тых, хто мае «і сілу і славу» і любіць «тую краіну, што я цяпер узяўся маляваць», дапамагаць яму. Шаўчэнка верыць, што калі «добрыя людзі скінуцца і дапамогуць, тады ажыве наша краіна хоць на паперы».
Планы мастака Шаўчэнкі велічныя і патрыятычныя: «Калі б мне Бог дапамог закончыць тое, што я цяпер пачаў, ужо тады склаў бы рукі і ў труну. Было б з мяне: не забыла б Украіна мяне мізэрнага», – піша ён у лісце да Міколы Цэртэлева 23 верасня 1844 года.
Ён спадзяецца наведаць роднае сяло Кірылаўку, бліжэй пазнаёміцца з культурнымі людзьмі Украіны, пабываць у сяброў – нашчадкаў казацкай старшыны Чарнігаўскай і Палтаўскай губерняў, убачыць новаствораны ўніверсітэт у Кіеве.
На Чарнігаўшчыне паэта-мастака чакаў Г. Тарноўскі – гаспадар знакамітай Качанаўкі, дзе была сабраная