Вось чаму Шаўчэнка ў гісторыі свайго народа знаходзіў і ўслаўляў святое «вар’яцтва» подзвігу і сам ім быў. І сам увасабляў у сабе невыкараняльную творчую сілу свайго народа, само існаванне якога насуперак усім прароцтвам і прадпісанням і было тым «вар’яцтвам» гістарычнага подзвігу.
Вось чаму вера ва Украіну «аднаўлялася», як «аднаўлялася» ў простым людзе і сама не раз пахаваная, пакінутая панска-інтэлігенцкай «красою нацыі» Украіна.
Вось чаму, пры надзвычайнай драматычнай складанасці вобраза айчыны ў Шаўчэнкі, у якім супрацьборнічаюць такія палярныя і цяжкія эмоцыі і рэфлексіі, – гэты вобраз з’яўляецца адназначным, святым.
Пра Шаўчэнку не раз гаварылася, што ён адзін выратаваў цэлую нацыю. Тут трэба перасцерагчы ад занадта літаральнага і прамалінейнага разумення гэтай формулы. Шаўчэнка спарадзіў і высунуў для справы свайго вызвалення сам украінскі народ; такім чынам, ім ён сам сябе ратаваў, уласнымі сіламі, не за кошт чыёйсьці ласкі або збегу гістарычных абставін. Вядома ж, ва Украіне і да Шаўчэнкі была жывая палітычная думка, захоўвалася і заваёўвалася гістарычная традыцыя, тлеў, а часам і ўспыхваў ярка і грозна бунтарскі дух народа, адраджалася новая нацыянальная літаратура – усё гэта і стварыла самога Шаўчэнку; але менавіта ён скандэнсаваў у сабе гэтыя разрозненыя элементы гістарычнай самасвядомасці народа, праявы яго душы, шматразова памножыў іх моц і праметэеўскім факелам напісаў агнявыя скрыжалі свайму народу. Вялі ж яго не ганарыстасць і не фанабэрыстае месіянства, а справядлівасць і любоў:
Я Украіну так люблю,
Люблю я так яе, нябогу,
Што пракляну святога Бога,
Душу за родную згублю!
Вось што тут самае галоўнае, вось у чым разгадка і болю, і любові, і багаборніцтва: «люблю я так яе [Украіну], нябогу». Тут, наогул, грань паміж любоўю да народа і самаўзвялічаннем у народзе, паміж патрыятызмам і вялікадзяржаўніцкімі або баганоснымі прэтэнзіямі, для якіх народ з’яўляецца толькі прыладай, а не мэтай.
Гэтая любоў давала Шаўчэнку права не верыць панскай любові да народа, давала натхненне бязлітасна выкрываць панскую