Прайсьці па ўжо аціхлых калідорах да залі, дзе пачаліся заняткі, хай жарсна рыпіць бурштынавы паркет, адчыніць дзьверы, лёгкім кіўком даць зразумець выкладчыку, што яго заўважылі, і, дышучы духамі і туманамі, уладкавацца ў найдалейшым шэрагу – каб, разам з акуратным выціраньнем сьвежай вільготнай сурвэткай пальчыкаў, агледзець і катэдру, і дзьверы, і ўсю паклонную прастору, поўную пакорліва сагнутых сьпінаў.
Балела якраз у тым месцы, дзе яна ўпершыню пачула яго. На пераходзе. Нутром пачула.
Яна добра памятае, як у той дзень, дзень народзінаў, Дзень Волі, перабірала сустрэтых на сваім залатым шляху, усю дарогу ад дому. Усіх гэтых уладзіміраў ды дзянісаў, ня вартых яе позірку, усіх замежных прынцаў; усіх нашых, у якіх вочы блішчаць хіба толькі нападпітку: “Э, дзевушка… Раз-шыце!..” Не, падымалася яна на апошнія прыступкі перад саборам, тут калі й будзе, дык хіба што белая варона, як той арыец з “Непагаснага”: пару тыдняў таму Сьняжана Райская пішчала ад яго па тэлеку. Выступаў па-беларуску, зьбіраўся будаваць нейкія вавілонскія вежы ў яе Полацку. Зьзяючыя, колеру неба, вочы на тле агромністага чорнага квадрату. Стылёва. Помніцца, яна нават прымярала на сябе ягонае прозьвішча.
Ах… Воля зябка паправіла беленькае зь серабрыстым футра. Вольга Белазор. Такія віцязі існуюць хіба што там, пад аблокамі, у жывым тэлевізійным эфіры.
Тук, тук, тук. Сэрца білася ў такт абцасікам. Хтосьці яе наганяў.
Пасярод пераходу, перад Катэдрай зь ейным ксяндзом яна раптам стала. Тут? Тут. Бліжэйшыя машыны прытармазілі, і нехта выціснуў пранізьлівы гудок проста ёй у твар.
Яна абярнулася. І сэрца ўпала, са званамі набатам ударыла пад дых – туды, дзе цяпер балела.
Ах, як жа яна тады не пачула, не разглядзела! Дура, дура, як яна ня ўбачыла ў невыносна блакітных, навылёт у неба, вачох, гэтага халоднага шкла! Гэтага мёрзлага сьнегу, стаптанага ў яго пад вокнамі; гэтага бліскучага-бліскучага скальпеля!..
Не, ён жа быў такі нясьмелы… Цяля, ён так сьцінаўся, калі яна ўпіралася яму ў грудзі й не давалася пацалаваць. Ня рваўся здабываць. Ня браў сілаю, хаця мог, мог. Ня ціснуў. Не баец. Не самец. І яна гулялася. Грэбавала ім. Думала, як бы зрабіць яму, прыніжанаму, такую ласку.
Але што гэта была за вясна! Яна рассмакоўвала мяса з крывёю пад ягоным прагным позіркам, выцмоквала самы слодыч,