Ашалелая ад адхадняку анэстэзіі, яна спынілася на пульсе лямпы. Пранізьлівым. Нясьцерпным.
Воля ляжала на сьнежных прасьцінах, на левым баку, прыдавіўшы сэрца, сагнуўшы ногі ў каленях, хаваючы ў жываце нешта настолькі трапяткое, што да яго было не дакрануцца. Некалькі цьмяных чужых абліччаў. І пах, нячысты пах, настоены на лякарных сьпіртах і карболках, душок пракашлянай, ляжалай чалавечыны – той самы, які напаўняе кожнага сьмяротнага духам безнадзёгі і падуладнасьці ўласнаму целу.
Першы ж зрух, каб хоць трошкі ямчэй, узрэзаў сьвет глыбокім болем на дзьве паловы, ад самага нізу да лобных доляў. Аперацыя.
Вось чаму, Волечка, усё зыбаецца і плыве ў тваіх пякучых вачох. Усё ясна. Сьпярша забілі дзіця. Потым выразалі самае каштоўнае ў ёй самой. Было трыццатае, міленькая мая, і значыць, сёньня якраз Новы год.
Яна скаланулася ад спазму рыданьня, але бліскавічны боль сьцяў яе такой хваткай, што палата не пачула ані гуку – адно суседка справа, якой учора выдалілі матку цалкам, беспакойна заварушылася, назіраючы за ейнымі курчамі.
Нема хакаючы, яна каўтала гэтага белага-белага і затхлага-затхлага сьвету па кропельцы, каб хоць чым прыгасіць пекла ўсярэдзіне. Залатыя валасы сьцякалі на падлогу, і толькі падушка бясконца цалавала яе ў шчаку гарачымі і вільготнымі ад сьлёзаў буськамі.
“Усё, усё, ну ўсё,” – яна паўтарала гэта пра сябе тым часьцей, чым мацнейшы боль штоўдых працінаў сэрца. Яна ледзь чутна енчыла: здавалася, так крыху лягчэй. З калідора бесьперапынным злым нагаворам гугніў тэлевізар. З Новым годам. З новым шчасьцем.
Тут і цяпер, у страшную ноч, сярод тумбачак, заваленых чужымі цукеркамі й плюшавымі цацкамі, пад бомікі рэкламы й згукі сьмеху з суседняе палаты, паражоная болем, вылягчаная, сплываючая сьлязьмі Вольга Васілеўская востра, як ніколі, разумела, што насамрэч была народжаная для сьвята.
Усе яе асабістыя цуды – а яшчэ ў дзіцячым садку выявілася, што яна прыгажунька, о! у школе – што мае музычны слых і бярэ найвышэйшыя ноты, оо, вочкі апусьціла, ооо, скромніца ты наша; універсітэцкія выкладчыкі хвалілі яе эсэ, ды, прагна аглядаючы яе з ног да галавы, наперабой казалі: з такімі-та дадзенымі ды акторскім дарам, оооо… – усе гэтыя о-о-ооо! бясконцыя нулі пасьля адзінкі, яна ведала, нельга разьменьваць на дробязі.
І тады, калі маленькім анёлкам яна выступала на ранішніку, і дарослыя захоплена перашэптваліся: “Золатка!” – і ўзнагароджвалі яе шквалам воплескаў; і тады, калі яна асэнсавала, што хлопчыкі яе хочуць, прычым усе хлопчыкі, і хочуць менавіта яе, і з захопленым сіпеньнем назірала ў прыадчыненыя дзьверы, як з-за яе на заднім двары школы рвалі адзін аднаго да крыві ў бойцы два старшакласьнікі, а потым сьлізганула абыякавым позіркам і па адным, пераможаным, і па іншым, пераможцы, – яна ўжо да дрыжыкаў адчувала, што вартая ня проста вечарынак з ікрой ды шампанскім, не адно вясельля зь зіхоткімі аблокамі канфеці й мядовым месяцам на елісейскіх