Шлях тысячы люстраў. Сьпярша, у алеі каштанаў, мы паглядзімся ў шкляныя бігборды. У поўны рост у рэкламнай глыбіні – сьветлая постаць, сама стройнасьць, падкрэсьленая паяском у таліі, плыве, і не дрогнуць разгорнутыя плечыкі. Вялізная квяцістая вітрына, павядзем вокам направа, і падбароддзе крыху вышэй – профіль. Хочаш ведаць, чаго варты чалавек – ацані ягоны профіль. Вось, сама прыгажосьць скразіць праз кветкі: высокі лоб, прамы нос зь ледзь заўважнай ганарлівай гарбінкай і лёгкімі крыламі, злом броваў, аксамітна-мядовых, гусьцейшых да пераносься і ўзмахам пёрышка – да скроняў; чуйны, падцяты пацалунак вуснаў з уладарна прыпухлай ніжняй і крутое падбароддзе, балкон слановае косьці па-над стромай, плыўнай лініі, шыяй, па якой уніз да грудзей спускаецца, дрыжучы, чарада бурштынавых караляў.
Нарэшце, насупраць прыпынку, дзе звычайна паркуецца на ходніку варанёны джып, косіць люстэркам – мы на імгненьне акунёмся ў гэтую чыстую крынічку, каб бліснуць сваім чорным позіркам – строга, але ня хмурымся – і пранесьці, абдаць яго хваляю парфумы і залатых валасоў.
Гэты прасьпект нездарма Пераможцаў. Восеньню перад ёй падала ніц мядзянае каштанавае лісьце; узімку, ахнуўшы, цалавалі мысок боціка бязгучныя сьняжынкі; увесну распляскваліся, каб памерці у яе пад нагамі, дыяментавыя кроплі; улетку сонечныя цені бязважкімі пажамі агладжвалі блузку, локан прычоскі, лінію лыткі – ішла Яе Высокасьць!
Вуліцу яна пераходзіла ў найшырэйшым месцы, ды так, што ўвесь вулічны рух сунімаўся, і прыціхлыя машыны перад чорна-белымі палосамі вытрэшчваліся фарамі да самага бардзюра, доўга не маглі ачомацца перад тым, каб дружна і захоплена зараўці.
Так, так, так.
Спуск у Нямігу, міма буйных бронзавых ружаў, вольна, па прыступачках, на якіх калісьці душыліся ў ціскатні менскія дзяўчаты на высокіх шпільках. Цьмяная галерэя з шоргатамі й шэптамі. Бледныя цені ў мармуровых сьценах схіляюцца перад ёю; паўабароты, кіўкі адзін аднаму і скругленыя вочы насустрач: ціхая плынь чалавечага жаданьня і зайздрасьці мімаходзь цёпла амывае цела, і пад цік абцасікаў, як у дзяцінстве ў “класікі”, так цудоўна напяваць класіку ці цытаваць класікаў ды цокаць, чаканіць з рэхам: чаго хоча жанчына, таго хоча Бог.
Лесьвіца ўгару, перад храмамі. З кожным крокам ты ўсё вышэй і вышэй. І Сабор, і Катэдра не варухнуцца, стаяць на “зважай”, і глядзяць ва ўсе шыбы: так, так, так. Яна Ідзе!
Яна знарок выходзіла насустрач галоўным у Беларусі цэрквам, яе суперніцам – стройным, строгім, ва ўсім белым. Вольна, царственна, штокрок падымалася па гранітах на прыступку вышэй, толькі галубы разьляталіся з-пад ног і жабракі працягвалі да яе далоні. За гэтымі непадступнымі ледзі у бальных барокавых сукенках мінулае; за ёй, каралевай Воляй – будучыня.
Шэраг блішчастых аўтамабіляў, прыпаркаваных наверсе ля амбасадаў, пераліваюцца хваляю адлюстраваньняў. Ах, як яна любіла гэты фартэпіянны перабор у карпусах, радыятарах і лабавых шклінах,