Коннік без галавы. Майн Рыд. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Майн Рыд
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Литература 19 века
Год издания: 1865
isbn: 978-985-01-0153-2
Скачать книгу
вам, сэр? Чаму яно не надакучвае вам? Ваш сябар містэр Стумп казаў мне, што вы так жывяце ўжо некалькі гадоў. Гэта праўда?

      – Гэта так – іншае жыццё мяне не вабіць.

      – О, як бы я хацела сказаць тое ж самае! Як я вам зайздрошчу! Я ўпэўнена, што была б бясконца шчаслівай сярод гэтай цудоўнай прыроды.

      – Адна? Без сяброў? Нават без даху над галавой?

      – Я гэтага не казала… Але вы не сказалі мне, як вы жывяце. Ці ёсць у вас дом?

      – Ён не заслугоўвае такой гучнай назвы, – смеючыся, адказаў мустангер. – Халупа, бадай, больш прыдатнае слова для таго, каб даць уяўленне аб маім хакале – адной з самых сціплых хацін у нашым краі.

      – Дзе ж яна знаходзіцца? Недалёка ад тых месцаў, дзе мы сёння былі?

      – He вельмі далёка адсюль – не болей мілі. Бачыце вершаліны дрэў на захадзе? Яны прыкрываюць маю хаціну ад сонца і абараняюць яе ад бур.

      – Праўда? Як бы мне хацелася глянуць на яе! Простая хаціна, вы кажаце?

      – Іменна.

      – Стаіць у адзіноце?

      – Няма ніякага жылля бліжэй як дзесяць міль ад яе.

      – Сярод дрэў? Маляўнічая?

      – Гэта ўжо як каму здасца.

      – Мне хацелася б паглядзець на яе, каб мець уяўленне. Толькі адна міля адсюль, вы кажаце?

      – Міля туды, міля назад – усяго дзве.

      – Дробязь, гэта зойме не больш дваццаці хвілін.

      – Я баюся, што мы злоўжывём цярпеннем вашых блізкіх.

      – А можа, вашай гасціннасцю? Прабачце, містэр Джэральд, – працягвала дзяўчына, і лёгкі цень азмрочыў яе твар, – я не падумала аб гэтым. Мабыць, вы жывяце не адзін? У вашай хаціне ёсць яшчэ хто-небудзь?

      – О так! Я пасяліўся тут не адзін. Са мной…

      Перш чым мустангер закончыў сваю гаворку, ва ўяўленні Луізы ўзнік вобраз дзяўчыны яе гадоў, з бронзавым адценнем скуры, з міндалепадобным разрэзам вачэй. Зубы ў яе, мабыць, бялей за жэмчуг, на шчоках пунсовы румянец, валасы, як хвост Кастра, пацеркі на шыі, бранзалеты на руках і нагах, мудрагеліста вышытая кароткая спаднічка, макасіны з махрамі на маленькіх ножках. Такім уявіла сабе Луіза другога жыхара хаціны мустангера.

      – Можа, з’яўленне гасцей, асабліва незнаёмых, будзе не зусім прыстойным?

      – Наадварот, ён заўсёды вельмі рады гасцям, як сябрам, так і незнаёмым. Мой малочны брат вельмі дружалюбны чалавек, але яму, небараку, цяпер мала з кім даводзіцца сустракацца.

      – Ваш малочны брат?

      – Так. Яго завуць Фялім О’Ніл. Як і я, ён ураджэнец Ізумруднага вострава, графства Голуэй. Толькі ў яго гаворцы ірландскі акцэнт яшчэ больш чутны, чым у маёй.

      – О, як бы мне хацелася яго паслухаць! Бо дыялект графства Голуэй вельмі своеасаблівы. Ці не так?

      – Мне цяжка аб гэтым меркаваць, я ж сам адтуль. Але калі вы згодзіцеся на паўгадзінкі пакарыстацца гасціннасцю Фяліма, то зможаце скласці ўласнае меркаванне.

      – З вялікім задавальненнем! Гэта будзе цікава, такое новае для мяне! Няхай бацька і астатнія пачакаюць. Там шмат дам і без мяне, няхай яны зоймуцца пошукамі нашых слядоў.