– Так-с. Гэта чартоўскі велікадушна! Толькі мне нешта не хочацца карыстацца вашай прапановай. Гэта 'была б подласць з майго боку – прыняць грошы за такую рэч, тым больш што мы знаёмыя і нам па дарозе. З другога боку, я не магу дапусціць, каб шкура коштам у пяць долараў згніла тут, не кажучы ўжо пра тое, што яе могуць разарваць грыфы, перш чым мне давядзецца зноў пабываць у гэтых месцах.
– Чорт ведае што такое! Але што ж мне рабіць?
– Вы спяшаецеся? Так-с… Шкада, што я не магу суправаджаць вас… Стойце! Няма чаго вам чакаць мяне. Вы самі знойдзеце дарогу да месца пікніка вельмі проста. Глядзіце, вунь там дрэва на гарызонце – бачыце, высокая таполя?
– Так, бачу.
– Так-с… Пазнаяце? Гэта дзіўная расліна больш падобная на званіцу, чым на дрэва.
– Так-так, цяпер пазнаю. Мы ж прамчаліся зусім блізка ад яе, калі гналіся за дзікімі кабыламі.
– Зусім правільна. Што ж вам перашкаджае цяпер вярнуцца гэтай жа дарогай, міма таполі, і ехаць па слядах кабыл, толькі ў адваротным напрамку? Так вы і прыедзеце да месца пікніка і ўбачыце там міс Пойндэкстэр і ўсю вясёлую кампанію, якая выпівае гэту французскую дрэнь – шампэнь. I хай сабе п’юць на здароўе, толькі б не ўспомнілі пра віскі, a то мне нечым будзе прамачыць горла, калі я вярнуся.
Калхаўн ужо даўно не слухаў квяцістую прамову старога паляўнічага. Варта было яму пазнаць дрэва, якое віднелася на гарызонце, як ён прышпорыў свайго рыжага каня і паскакаў галопам, пакінуўшы старога Зеба за яго работай.
– Іасафат! – усклікнуў паляўнічы, падняўшы галаву і заўважыўшы, што капітана і след прастыў.– He трэба асаблівага розуму, каб уцяміць, з-за чаго гэта гарачка; хоць я і не вельмі здагадлівы, але здаецца мне, што гэта самая сапраўдная рэўнасць, якая гойсае па слядах.
Зеб Стумп не памыліўся. Іменна рэўнасць заставіла Касія Калхаўна паспяшацца ў зваротную дарогу. Упершыню яна пачала мучыць яго ў выпаленай прэрыі; з кожным днём яна станавілася ўсё мацнейшай, бо распальвалася не толькі тым, што ён сапраўды бачыў, але і тым, што яму мроілася; і цяпер нарэшце яна прыгняла ў ім усе іншыя пачуцці.
Мустангер падарыў Луізе крапчастага мустанга і прывучыў яго да сядла, а яна прыняла гэты падарунак, нават не спрабуючы ўтаіць сваю радасць. Гэтыя і некаторыя іншыя назіранні падзейнічалі на ўзбуджанае ўяўленне капітана, і ён болей не сумняваўся, што Морыс-мустангер стаў яго галоўным сапернікам.
Сціплае становішча паляўнічага на коней, здавалася, не давала сур’ёзных падстаў не толькі для такой упэўненасці, але нават і для падазрэнняў.
Напэўна, гэта і было б так, калі б Калхаўн не ведаў так добра характар Луізы Пойндэкстэр; з дзіцячых гадоў яна праяўляла поўную незалежнасць, ёй уласціва была смеласць, якая межавала з безразважнасцю, – наўрад ці можна было спадзявацца, што яна палічыцца са звычаямі свайго асяроддзя. Для большасці жанчын яе кола беднасць і нязнатнасць паляўнічага на коней магла б стаць перашкодай калі не для няроўнага шлюбу, то па крайняй меры для неабдуманых учынкаў;