Драгуны на чале з маладым афіцэрам, які толькі што скончыў ваеннае вучылішча ў Уэст-Пойнце, таксама згубілі сляды табуна і збочылі па адгалінаванаму старому следу; за драгунамі накіравалася і большасць гасцей.
Яны ехалі па ўзгорыстай прэрыі, дзе-нідзе перарэзанай палосамі хмызняку; зараснікі і ўзгоркі засланялі коннікаў, і хутка яны згубілі адзін аднаго з вачэй. Хвілін праз дваццаць пасля пачатку пагоні птушка, што лунала ў небе, магла б убачыць з паўсотні коннікаў, якія, мабыць, выехалі з аднаго месца, але цяпер скакалі ў розныя бакі.
Толькі адзін коннік імчаўся ў правільным напрамку. Ён ехаў на моцным рыжым кані, які, праўда, не адрозніваўся прыгажосцю, але затое быў быстрым і вынослівым. Сіні, напаўваеннага крою сурдут і сіняя фуражка сведчылі аб тым, што коннік гэты не хто іншы, як адстаўны капітан Касій Калхаўн. Гэта ён гнаў свайго каня па правільных слядах; дубцом і шпорамі Калхаўн прымушаў яго бегчы стрымгалоў. Яго ж самога падганяла думка, вострая, як шпоры, – яна застаўляла яго напружваць усе сілы, каб дасягнуць мэты.
Як галодны гончы, імчаўся ён па следу, выцягнуўшы ўперад галаву, з надзеяй, што будзе ўзнагароджаны за свае намаганні.
Ён нават сам як след не ўяўляў, да чаго ўсё гэта прывядзе; і толькі па злавеснаму позірку, які час ад часу ён кідаў на рукаяткі пісталетаў, што тарчалі з кабуры, можна было здагадацца, што ён задумаў штосьці нядобрае.
Калі б не адна акалічнасць, Калхаўн збіўся б з дарогі, як і іншыя. Яго вялі добра знаёмыя сляды двух канёў. Адзін, большы, ён помніў з пакутлівай яснасцю. Ён бачыў гэты адбітак на попеле выпаленай прэрыі. Штосьці заставіла яго тады запомніць гэтыя сляды, і цяпер ён лёгка пазнаваў іх.
Нарэшце адстаўны капітан прыскакаў да зараснікаў і хутка апынуўся на паляне, дзе так нечакана спыніўся крапчасты мустанг. Да гэтага месца яму няцяжка было арыентавацца, але тут ён стаў у тупік. Сярод адбіткаў капытоў дзікіх кабыл сляды падкоў усё яшчэ былі відны, але тут коні ўжо не беглі галопам. Коннікі тут спыніліся і стаялі побач.
Куды ж цяпер? Сярод слядоў манады ўжо болей не было відаць адбіткаў падкоў; іх наогул нідзе не было відаць. Зямля навокал была цвёрдая і ўсыпаная галькай. Толькі конь, які скача хуткім галопам, мог бы пакінуць на ёй свой след, а не той, які бяжыць спакойнай рыссю.
Калі крапчастая кабыла і гняды рушылі з гэтага месца, яны ехалі спакойным крокам на працягу некалькіх дзясяткаў ярдаў, перш чым паскакалі галопам, накіроўваючыся да пасткі для дзікіх коней.
Калхаўн быў азадачаны. Ён усё кружыў і кружыў па слядах дзікіх кабыл і зноў вяртаўся, не знаходзячы напрамку, у якім паскакалі падкаваныя коні.
Ён быў канчаткова збіты з панталыку, калі ўбачыў адзінокага конніка, які набліжаўся да яго.
У