На прыпадложнай палiцы вышнуравалiся новенькiя, амаль негартаныя томiкi аўтараў са школь най праграмы, нi больш нi менш. Толькi хрэстаматыйныя мелi пропуск у артэкаўскую бiблiятэку. Бог з iмi, з пропускамi, не горшыя ў беларусаў хрэстаматыi, калi ёсць Купала, Колас, Багушэвiч i Багдановiч. Мне, вядома, як большасцi сямiкласнiкаў, а не сямiкласнiц, хацелася ўзяць прозу. Кнiгу ў пiянерскiх лагерах успрымалi неадназначна. З аднаго боку, гэта адзiная рэч, якой дазвалялася ляжаць на тумбачцы, а з другога боку, калi нехта ўбачыць, што хлопец чытае вершы, дык мог узнiкнуць цэлы абвал кепiкаў i падначак. Зразумела, калi вершыкi не пiянерскага зместу (пра iх будзе асобны абзац). Дык вось, беларуская хрэстаматыйная проза, кажучы па-бiблiятэкарску тактоўна, мяне зусiм не зацiкавiла. Пасля бойкi з Вiцем з Вiцебска розных здзекаў я не баяўся. З палiцы ўзяў сiнi том Максiма Багдановiча. Чытаў я тады, як i цяпер, вельмi марудна, таму кнiга i праляжала на тумбачцы амаль усю змену. Том Багдановiча быў мне за сiмвал адметнасцi, за знак няроўнасцi i суверэннасцi хоць бы адной асобна ўзятай тумбачкi. І калi хто з расейцаў казаў пра аднолькавасць нашых моў, дык i трох радкоў было дастаткова, каб давесцi адваротнае.
Не ведаю, наколькi гэта натуральна, але беларусам я сябе адчуваю за межамi Беларусi. На Радзiме я – лiтаратар, журналiст, мастак, асоба мужчынскага полу, вайсковаабавязаны, пасажыр, пешаход, мiнак, настаўнiк… Хто заўгодна, сто разоў нехта i толькi потым беларус. Раней мяне вельмi палохаў той факт, што расейцы i габрэi ўсё больш i больш пачуваюць сябе ў Беларусi менавiта габрэямi i расейцамi. А цяпер я нават вiтаю iхняе вяртанне ў роднае нацыянальнае ўлонне. Хай у маёй Айчыне кожны небеларус адчувае сваю нацыянальную прыналежнасць, лёгкi смутак i настальгiю, якую па вечарах адчуваў я, лежачы на другiм ад акна ложку, у 311 пакоi на 3 паверсе, Крыштальнай дружыны, Горнага лагера, у Артэку, калi трымаў перад вачыма томiк Максiма Багдановiча, любiмага паэта нацыi.
У кожнага народа ёсць вялiкi паэт: у ангельцаў – Байран, у немцаў – Гётэ, у японцаў – Басё. Але ў кожнай нацыi, акрамя вялiкiх, народных, прызнаных, вядомых i малавядомых, маладых i пачаткоўцаў, ёсць паэты любiмыя: у японцаў – Ісiкава Такубоку, у ангельцаў – Джон Кiтс, у расейцаў Мiхаiл Лермантаў… Вельмi сумна, што ўсе яны сышлi з жыцця ў маладым веку. А можа, гэта неабходная адзнака ў бiяграфii паэта, каб яго спачатку пашкадавала, а пасля палюбiла нацыя? Але гэта пытанне зусiм не артэкаўскае, яно з часоў сённяшнiх, калi зрабiлася вiдавочна, што нават у лагерах дружбы выспельвалася