Гаспадар выкiнутае мыльнiцы спачатку смяяў-ся, як i ўсе прысутныя ў пакоi, а потым, зразумеў-шы, што рагочуць не з мяне, а з яго, зусiм збялеў, а ягоныя балотныя вочкi пазелянелi, як вiцебскiя азёры ў жнiўнi. Ударыў першы ён… Вiця ўдарыў мяне першы, i ўдарыў нагою па маёй назе, калi я бег па акуратна засланых ложках. Можаш сабе ўявiць, як мне давялося грымнуцца на дубовы паркет, як абадралася i пабiлася сцягно, месяц не сыходзiлi сiнякi. Ты ж ведаеш, у мяне вельмi белая i далiкатная скура, пальцам ткнi, i расцячэцца лiловая плямiна. І яшчэ была адна праблема са скураю: я вельмi кепска загараю. Калi выязджаў з Артэка, дык быў самы незагарэлы, а на руках i нагах вёз найбольшую колькасць сiнякоў i драпiнаў. Знарок лiчылi: 43 сiнякi i 18 драпiнаў. Толькi ад падзення на дубовы паркет да развiтання з лагерам Горны было яшчэ далёка.
Побач на падлозе мiж ложкамi расцягнуўся i Вiця, бо ўдарыць ён ударыў, а раўнавагу згубiў. Я павалiўся першы, але i ўскочыў першы, каб адразу ж упасцi на Вiцькавы грудзi, ашчаперыць ягоную шыю i душыць. Ён выкручваўся з-пад мяне, як чарвяк з-пад курынае лапы. Ды дзе там… Я раскiрэчыўся, як яловы корч, i цiснуў Вiцю, колькi хапала вагi i моцы. Ён ужо намерыўся здавацца, ён сам пазней прызнаўся, што хацеў папрасiць маёй лiтасцi, але не паспеў, я выпусцiў яго. Сапраўды. Давялося ўскочыць i вызверыцца на аднаатрадаўцаў, якiя, назiраючы бойку, пачалi крычаць: «Беларусы б’юцца! Беларусы б’юцца!..» Праз iмгненне поплеч са мною, супраць усяго атрада, стаў прыдушаны Вiця з Вiцебска. Умацаванне баявога духу натхнiла мяне, я пачаў лаяцца, я выкрыкваў такiя расейскiя брудныя словы i так гучна, што працiўнiкi вырашылi за лепшае выйсцi за дзверы, якiя я зачынiў нагою. Дзверы хлопнулi-стрэлiлi. І стрэл выбiў з мяне агрэсiю, якая вылецела залацiстым пылам у шырока адчыненае акно. Спакойны i спустошаны я павярнуўся да Вiцi з намерам памiрыцца. «Паглядзi на маё сцягно!» – сказаў я даверлiва. «А ты ледзь не зламаў мне шыю», – зусiм ласкава паведамiў ён. Мы памiрылiся з Вiцем, якi самотна сядзеў на ложку, калi я цiхенька адчынiў першы раз дзверы ў 311-ты пакой.
Другi мой знаёмец у Артэку быў Сярожа з Мiнска, ён зайшоў у пакой трэцi. Меланхалiчны Сярожа, у якога на правай назе ад нараджэння былi нераздзеленыя самыя маленькiя пальцы, нават пазногаць на iх быў адзiн, гэткiя сiямскiя блiзнюкi на адной асобна ўзятай назе. Але варта зазначыць, што гэты цялесны феномен