Высакаваты i чыстатвары Мухтар, сын старшынi райкома камунiстычнае партыi, пэўна, ад бацькi пераняў волю да ўлады. І ўсе, хто прыехаў з Джамбульскага раёна, а iх па розных атрадах было параскiдана чалавек сорак, без пярэчанняў выконвалi ягоныя даручэннi ды парады. Азiя, як казаў Кiплiнг, ёсць Азiя, а Захад ёсць Захад, i разам яны нiколi не сыдуцца. Вядома, што гара з гарою зусiм не так, як чалавек з чалавекам у музеi касманаўтыкi, дзе я пабачыў, як Мухтар адчуў на сваёй, крыху цямнейшай за маю, скуры, што жыве, жыве цёмны расiзм на белым свеце.
Музей, заўважу, даволi шматрэчны, напакавана ў iм усяго рознага было шмат. Гэта ж цяпер я разумею, што скафандр з шыльдачкаю «Юры Гагарын» мог належаць i Герману Цiтову. Ты ж i сама ведаеш, як робяцца музеi… Галоўнае, каб экскурсавод не забыўся сказаць пераканаўчым тонам: «З гэтае талеркi еў першы касманаўт Гагарын!» Толькi дух расiзму хаваўся не за талеркамi i скафандрамi, а за дзейнымi трэнажорамi. Мне яны адразу не да сэрца прыйшлiся, розныя моцамеры, рэакцыязамяральнiкi, вагапавелiчальнiкi…
Правяраць рэакцыю мог кожны. Сядаеш у зручны фатэль i глядзiш на тэлеэкран (кампутараў я тады не ведаў). На экране раз-пораз у розных кутках успыхваюць рознакаляровыя кропачкi: сiнiя, жоўтыя, чырвоныя. Падобныя кропкi ўспыхваюць i плаваюць уваччу, калi доўга працаваў, апусцiўшы галаву, а потым рэзка ўскочыў, каб iх згасiць, трэба зноў схiлiцца, каб кроў у мозг прылiла. А каб знiклi экранныя кропкi, трэба цiснуць на кнопкi ў пэўным парадку, бо сiнюю кропку гасiла жоўтая клавiша, а жоўтую – чырвоная, а чырвоную – сiняя. Кропкi ўспыхвалi ў iрваным рытме. Асабiста я пачуў: можаш, калi захочаш, быць касманаўтам. Мухтару з Джамбула вынеслi iншы вердыкт… Трэнiруй рэакцыю, гуляй у настольны тэнiс, у Кiтаi добра гуляюць у настольны тэнiс. Спачатку я не ўцямiў, пры чым тут Кiтай. Але па тлумачэннi далёка хадзiць не давялося. Каля цэнтрыфугi ўсё праяснiў даўгашыi экскурсавод: «Жоўтым у цэнтрыфугу залазiць нельга. У жоўтага чалавека арганiзм слабейшы, чым у белага. Таму дзеля ўласнай бяспекi прашу жоўтых