А вось у кiнатэатры «Партызан» не абышлося. У Алеся Ласевiча была хата, так выйшла, што кватэру яму далi, а хату не знеслi. Мы ў ёй майстэрню зрабiлi. Мальберты, карцiны на сценах, канапа i, вядома, натуршчыцы. Маладыя гады, маладыя жаданнi, як пiсаў класiк. Запрасiлi мы Касю Рогаву. У Касi пастава, я вам скажу, усе мужыкi азiралiся. Не фатографы i розныя там кiна-тэле-клiпа-рэжысёры, а звычайныя пралетарыi. Высокая васемнаццацiгадовая дзеўка, а важыла, пэўна, цэнтнер. Вось так. «Верх здыму, а нiз не!» – сказала, як адрэзала, наша натуршчыца. «Здымеш, гэта толькi пачатак. Сорам адолееш i здымеш свае майткi. Як i ўсе папярэднiцы здымалi», – падумаў я i пачаў фарбы на палiтру выцiскаць. «У цябе што, лажа?» – спытаў Алесь. Кася паружавела i сказала, што, калi б у яе была менструацыя, яна зусiм не прыйшла б, бо ў хаце нават гарачай вады няма. «Адвярнiцеся». Мы адвярнулiся. «Усё!» Я павярнуўся i… закусiў шчаку, каб не засмяяцца. Кася Рогава стаяла пасярод майстэрнi, шырока расставiўшы свае манументальныя ногi i высока ўзняўшы галаву, не раўнуючы Жанна д’Арк у парыжскiм натоўпе. Важкiмi кулакамi Рогава ўпiралася ў свае смятанныя клубы. У адным з кулакоў яна зацiснула станiк. Я глянуў на Алеся i мацней закусiў шчаку. Што зрабiў Алесь, каб не зарагатаць, не ведаю. А я пракусiў сам сабе левую шчаку. У роце зрабiлася салёна. Я схiлiўся i плюнуў на палiтру, каб запэўнiцца, што поўны рот крывi, а не слiны. Смех прапаў.
«Пакладзi станiк i стань нармальна». Голас у мяне быў нейкi вайсковы, i Кася паслухмяна паклала на канапу белы станiк, зняла майткi i стала спакойна i асуджана, як жанчыны становяцца ў доўгую чаргу. Я пiсаў толькi торс: плаўныя ключыцы, налiтыя грудзi з ружовымi, што мальвы, саскамi. «Мне холадна!» – Касiны блакiтныя i пустыя вочы глядзелi на мяне патрабавальна. «У мяне ёсць вiно», – з-за мальберта вынырнуў рабы Алесеў твар. Мы выпiлi дзве бутэлькi горка-салодкага