Вось i ў Артэку я паўдзельнiчаў у непрыстойнасцi. Чорт пацягнуў за язык, i я задаў важатай Галiне з Ноўгарада сакраментальнае пытанне: «Чаму вы не любiце мяне?» Цудоўна разумеючы, што пра такое нельга пытацца, я не ўтрымаўся, як петразаводскi Ваня не стрымаў сваёй нянавiсцi да беларускай мовы. Бывае. І ў мяне быў не самы горшы варыянт, тым больш – Галiна сказала: «Ты, Адаме, памыляешся. Я вельмi цябе люблю!» Важатая з гiтлераўскiм чубком мяне ненавiдзела, яна любiла петразаводскага Ваню, якому я выбiў разцы. Але маё, зададзенае пры ўсiм атрадзе, пытанне загнала яе ў сiтуацыю, у якой, абвяргаючы мяне, давялося засведчыць любоў. Парадокс. Ну адно ў яе апраўданне – любоў наша была зусiм кароткая, як i ва ўсiх артэкаўцаў. Калi я вяртаўся з Артэка дамоў, дык вёз цэлы нататнiк адрасоў i тэлефонаў, а патэлефанаваў толькi Сяргею з Мiнска, i тое каб аддаць пазычаныя спартовыя штаны. Болей нiколi нiкому не пiсаў i не тэлефанаваў. Каб той нататнiчак захаваўся, я б сёння, можа, i затэлефанаваў бы якому жыхару блiжэйшага замежжа, а можа i не. Адно ведаю дакладна – дзяўчатам я б не званiў.
З дзяўчатамi ў лагеры адносiны ў мяне не склалiся. Трынаццаць гадоў – якраз той узрост, калi заўважаеш: дзяўчаты раптам сталi дарослыя, а хлопцы ўсё яшчэ дзецi. Мае аднаатрадаўкi з замiлаваннем паглядалi на мужчын кшталту культурыста настаўнiка, а на такiх, як я, зiркалi з пагардаю. Зрэшты, асабiста мяне тое мала хвалявала, бо прырода яшчэ не выспелiла ўва мне мужчынскiя функцыi i жаданнi. І таму будзе слушна, калi скажу, што ў Артэк я патрапiў у апошнi год свайго дзяцiнства.
А на заканчэнне скажу табе яшчэ адну сумную рэч… Праз Артэк прайшлi мiльёны дзяцей, i нi разу ў жыццi я не сустрэў нiводнага сумленнага слова пра гэты найвялiкшы ў свеце лагер. Адны дурнаватыя дрындушкi…
Гэта – месца добрага знаёмства.
Гэта ён – наш сонечны Артэк.
Усе нiбыта вады ў рот панабiралi. Ведаем, ведаем. Бачылi. Але, хто старое згадае, таму вока прэч. Лепш не ўспамiнаць. Забыцца. Ну i сапраўды, каму хочацца помнiць правiлы, па якiх праходзiла купанне ў моры?! А мне вось хочацца…
Спачатку, ну вядома, трэба было распрануцца i змянiць трусы на плаўкi i пятнаццаць хвiлiнаў ляжаць (можна сядзець) на сонцы. Потым пятнаццаць хвiлiнаў сядзець (можна стаяць) у ценi, пад шыферным брылём. І толькi пасля ценю дазвалялася на пяць хвiлiнаў зайсцi ў Чорнае мора. Не забегчы, не заскочыць, не запаўзцi, а зайсцi. Заходзiлi ўсе, як гаварылася раней, «у нагу». Даваць нырца забаранялася. Галава ўвесь час павiнна тырчаць над вадою. За тры метры ад берага быў