Каля будана Васіль і сапраўды адразу ж натрапіў на цэльнае радовішча лісічак. Узрадаваны знаходкай, ён хуценька зразаў грыбы і гэтак жа хуценька, нягледзячы, кідаў іх у кошык. Калі лісічкі скончыліся, Васіль збіраўся пакрочыць ужо далей, як раптам… у будане хтосьці слаба варухнуўся.
Ад нечаканасці Васіль адразу ж таропка адскочыў убок і, спыніўшыся, застыў нерухома, не зводзячы насцярожаных вачэй з будана.
Там хтосьці быў!
– Хто тут?! – выгукнуў Васіль і прыслухаўся. І, нібы ў адказ на гэты ягоны вокліч, у будане зноў нехта заварушыўся, а потым да вушэй Васіля данёсся нейкі ціхі ўздых ці то ўсхліп.
Васіль адчуў раптам не тое каб страх… хутчэй, нейкую незразумелую трывогу. Захацелася проста павярнуцца і пайсці прэч, пайсці не азіраючыся, толькі б далей адсюль, як мага далей…
Але Васіль застаўся на месцы. Праўда, падысці бліжэй да будана і зазірнуць туды… на гэта ў яго смеласці пакуль не ставала. Таму ён стаяў і пазіраў на загадкавы будан. Працягвалася так даволі доўга…
А потым яму стала сорамна.
Ды што ж гэта, на самай справе, мужчына ён ці не?! І Васіль, павольна расправіўшы плечы, рушыў да будана, на ўсялякі выпадак моцна сціснуўшы у правай руцэ невялікі сцізорык.
У будане і сапраўды хтосьці знаходзіўся. Гэты «хтосьці» ляжаў нерухома, і быў ён несумненна чалавекам. Дзіўна толькі, што чалавек гэты быў зусім без адзення, а калі Васіль прыгледзеўся больш уважліва, ён раптам зразумеў, што перад ім жанчына. «Так! – міжволі падумалася яму. – Гэтага мне яшчэ не хапала!»
Васіль амаль здагадваўся, што адбылося і як апынулася тут гэтая жанчына. Пайшла, пэўна, дурніца, у лес адна, ну і натрапіла на нейкіх мярзотнікаў. І вось ён, вынік…
Жанчына між тым зноў варухнулася і, расплюшчыўшы вочы, паглядзела на Васіля. Уражваў яе позірк: столькі ў ім было болю, жаху, адчаю. І яшчэ чагосьці такога, у чым Васіль так і не змог адразу разабрацца. Ён толькі ўздрыгнуў міжволі, а жанчына адвяла позірк і зноў стомлена заплюшчыла вочы. «Так! І што ж мне рабіць з ёй? – зноў падумалася Васілю.»
Жанчына была маладая і прыгожая – гэта Васіль заўважыў адразу. І яшчэ заўважыў, што правая рука яе ў крыві. Больш ён нічога не змог разгледзець, бо амаль адразу ж сарамліва адвёў позірк.
– Перавяжы мне руку! – нечакана азвалася жанчына. Голас яе быў крыху хрыпаты, стомлены, але даволі прыемны.
– Зараз! – замітусіўся Васіль. – Я зараз!
Ён таропка скінуў з сябе вятроўку, потым зняў кашулю і, крыху павагаўшыся, сцягнуў майку.
– Зараз!
Васіль хапатліва адарваў ад майкі роўныя доўгія палоскі. Вырашыўшы, што іх ужо дастаткова, пачаў старанна і акуратна рабіць перавязку, па-ранейшаму стараючыся не глядзець на аголенае жаночае цела.