– Ведаеш, я не хацела гэтага! – прашаптала яна хутка і ледзь выразна. – Я ніколі не рабіла гэтага з тымі, каго па-сапраўднаму кахала. Я проста знікала з іх жыцця, знікала назаўсёды… так я планавала зрабіць і з табой. А ў той вечар…
– Што ў той вечар? – перапытаў стары.
Дзяўчына зноў уздыхнула:
– Я проста шмат выпіла ў той вечар. Выпіла… ну, і страціла кантроль… Не трэба мне было так шмат піць тады!
– Колькі табе гадоў? – спытаў раптам стары. – Сто? Дзвесце? Тысячу? Колькі?
Дзяўчына глядзела на яго, глядзела і чароўна ўсміхалася. Яна выглядала такой юнай…
– Больш за тысячу? – Стары раптам адчуў, што яшчэ хвіліна і ён звар’яцее. – Табе больш за тысячу? Гэта праўда?
– Даруй за той вечар! – хуценька прамовіла дзяўчына і нервова азірнулася ў бок крамы. – Даруй і ідзі! Ідзі, чуеш?!
Стары таксама паглядзеў у той бок. Юнак стаяў на прыступках з вялікім пакетам у руцэ і, здаецца, пералічваў грошы.
– Ідзі! – паўтарыла дзяўчына, настойліва і нават з пагрозай. – І не раўнуй, я яго не кахаю.
– Раўнаваць?! – Пальцы старога зноў намацалі шнар на шыі.– Я проста хачу папярэдзіць яго!
– Навошта?
Не адказваючы, стары зноў уважліва паглядзеў на дзяўчыну. Яна вытрымала ягоны позірк, усміхнулася, паціснула абыякава плячыма.
– Мне гэта неабходна, разумееш! Я не магу без гэтага! – дзяўчына зноў усміхнулася. – А ты лепш ідзі! Ідзі і не перашкаджай мне!
Стары зноў зірнуў у бок крамы. Юнак ужо ішоў сюды, да іх…
– Ідзі! – дзяўчына ўжо занервавалася. – Лепш ідзі!
– Ну, не! – стары матлянуў галавой. – Я не дазволю табе зрабіць гэта з ім!
– Не дазволіш?! – У голасе дзяўчыны стары нечакана адчуў халодную здзеклівую ўсмешку. – Ты сапраўды так лічыш?
Дзяўчына раптам ірванула блузку на грудзях. З трэскам пасыпаліся гузікі, на нейкае імгненне перад вачамі старога прамільгнулі, як былы ўспамін, яе бездакорна прыгожыя грудзі. Дзяўчына моцна, аберуч, абхапіла яго за шыю, з сілай прыцягнула да сябе.
– Ты што?! – агаломшана прахрыпеў стары, беспаспяхова спрабуючы вызваліцца. – Навошта ўсё гэта?! Пусці! Пусці, я ўсё адна…
Дзяўчына раптам спрытна падсекла ягоную нагу, і яны разам зваліліся ў траву.
– Дапамажыце! – адчайна закрычала дзяўчына, па-ранейшаму моцна прыціскаючы твар старога да сваіх аголеных грудзей. – Хто-небудзь! Дапамажыце!
Моцная рука ўхапіла раптам старога за каўнер і адным рыўком паставіла на ногі. Перад самым сваім тварам ён убачыў раз’юшаны твар юнака.
– Казёл памаўзлівы! – прашыпеў юнак проста ў твар старога. – Ды я ж цябе зараз…
– Як добра, што ты паспеў, Боб! – усхліпваючы, дзяўчына марна старалася прыладзіць на месца ўшчэнт разадраную блузку. – Інакш… інакш… – яна зноў усхліпнула. – Навошта ён гэта зрабіў, Боб?!
– Паслухайце, я… – Голас старога ўсхвалявана дрыжэў і зрываўся. – Разумееце, усё