– Ты не Ігар! – упарта паўтарыў Андрэй. – Не ведаю, хто ты… але ты не Ігар!
– Ідыёт! – закрычаў раптам Ігар, сціскаючы кулакі і робячы крок наперад. – Ты мяне ўжо «дастаў», дэбіл! І адразу ж спыніўся, убачыўшы ў руцэ Андрэя нож…
– Не падыходзь! – прашаптаў Андрэй, адчуваючы, як нешта балюча сціснулася ў грудзях, як адчайна, сутаргава нават застукала сэрца. – Лепш не падыходзь!
– Дэбіл! – паўтарыў Ігар са злосцю і незразумелым адчаем. – Ды калі б я быў якім-небудзь… тапельцам – што мне тады твой нож! Паварушы мазгамі, ідыёт! – Ён абхапіў галаву рукамі.– І я ідыёт! Знайшоў з кім жартаваць! Ён змоўк. І Андрэй таксама маўчаў, не апускаючы нажа, і маўчала Хрысціна, спалохана пераводзячы позірк з аднаго на другога. І было вельмі ціха і вельмі няўтульна на маленькай лясной палянцы.
Ты сама выбрала свой лёс
Увайшоўшы ў пакой, ён спыніўся. Яму раптам здалося, што ўсе госці павярнуліся ў ягоны бок.
Але гэта яму толькі здалося. Ніхто нават і ўвагі не звярнуў, што на аднаго чалавека ў пакоі стала больш.
Стараючыся быць непрыкметным, ён падышоў да акна і, прыхінуўшыся да падваконня, пачаў павольна і ўважліва разглядаць прысутных.
Галоўнае – не спяшацца! Мінулы раз ён ледзь усё не сапсаваў празмернай сваёй паспешнасцю. Але і марудзіць таксама не след, бо час, такі каштоўны і такі неабходны яму зараз, ідзе і ідзе вельмі хутка… Ён зірнуў на вялікі гадзіннік на сцяне насупраць і крыху супакоіўся – часу яшчэ ставала. Толькі вось – каго выбраць?
Усяго ў пакоі было каля дваццаці чалавек, але мужчын ён адразу ж адкінуў. З імі заўсёды шмат важданіны, ды, шчыра кажучы, яму не падабаліся мужчыны. З жанчынамі прасцей ва ўсіх адносінах.
А іх у пакоі было роўна трынаццаць, чортаў тузін. І з гэтых трынаццаці ён павінен выбраць сёння адну. Адну з трынаццаці…
Яго чамусьці заўсёды вельмі хваляваў гэты момант – момант выбару. Вось яны ўсе тут, перад ім, кожная – са сваімі думкамі, сваімі праблемамі, сваімі надзеямі і спадзяваннямі, кожная са сваім уласным асабістым жыццём. І ўсе яны і не падазраюць нават, што вось тут, зусім побач, стаіць іх лёс, і нічога ўжо ад іх не залежыць. Ад яго аднаго толькі залежыць, чый лёс зменіцца ўжо сёння, так раптоўна і адразу…
Кажучы шчыра, не ўсё залежала ад яго аднаго. Трох жанчын, самых старых, тоўстых і непрыгожых, ён адбракаваў адразу. Потым, пасля нядоўгіх ваганняў, выкрасліў яшчэ чатырох – кожная з іх прыйшла сюды з мужчынам (муж? сябар?), якія так шчыльна апякалі дам свайго сэрца, так раўніва кідалі навокал пагрозлівыя позіркі, што было відавочна: гэтым чатыром нечаканае змяненне лёсу таксама не пагражае. Прынамсі, сёння.
Заставалася яшчэ шэсць жанчын. Якую ж выбраць?
– Вы дазволіце?
Цалкам захоплены сваімі думкамі, ён і не заўважыў, калі яна паспела падысці да акна. Гэта была адна з тых, каго ён пакінуў у спісе кандыдатак. Маладая, зусім яшчэ дзяўчо, даволі прыгожая, апранутая сціпла, але з густам.
– Вы