– Пусці! – спалохана крыкнуў юнак, стараючыся вырвацца. – Ды адпусці ты! Я не магу больш тут, зразумей, не магу!
Тэніска затрашчала і ў скурчаных Віялеціных пальцах застаўся толькі невялікі кавалак тканіны. Юнак жа, адчуўшы сябе свабодным, адразу ж кінуўся прэч.
– Стой! – закрычала з адчаем Віялета, бегучы следам. – Стой, гад!
Спатыкнуўшыся аб штосьці нябачнае, яна паляцела вобзем, акурат ў аранжавы гарачы пясок. І, перш чым страціць прытомнасць, паспела яшчэ крыху здзівіцца таму, якім цвёрдым і халодным аказаўся навобмацак гэты самы пясок…
– Што з вамі, жанчына?
Узняўшы галаву, Віялета ўбачыла, што вакол яе сабраліся людзі… шмат людзей. Потым, распіхваючы іх, да яе наблізіўся міліцыянер.
– Ну, усё, разыходзьцеся! – сказаў ён, звяртаючыся да натоўпу, які з кожным імгненнем станавіўся ўсё большым і большым. – Нічога тут цікавага няма! Жанчыне стала блага… толькі і ўсяго… «Жанчыне?! – абурана падумалася Віялеце. – Ды якая я вам жанчына ў дваццаць гадоў!»
Але ўсё гэта яна толькі падумала. Уголас жа…
– Мне ўжо лепш, – сказала яна, узнімаючыся і азіраючыся па баках.
Вакол зноў быў горад. Звычайны горад і самы звычайны летні, не зусім сонечны дзень. І людзі, якія ва ўсе вочы глядзелі на яе. Праўда, дзіўнага таго юнака сярод іх яна так і не ўбачыла.
Ну, што ж, хутчэй за ўсё, ён проста бяжыць зараз уздоўж вуліцы, сам не свой ад радасці, што змог нарэшце вярнуцца, вырваўшыся з аранжавага пекла…
Але Віялета чамусьці ведала, што ўсё не так проста. Юнак не вярнуўся сюды, у нашу рэчаіснасць, бо для таго, каб ён змог вярнуцца – хтосьці іншы павінен быў застацца там, у аранжавай гэтай пустыні…
Бо такім і было асноўнае правіла гульні!
Што гэта за гульня такая і як у яе гуляюць – гэтага Віялета не ведала. Яна ведала толькі, што гульня існуе, і што яна сама ледзь-ледзь не стала яе ўдзельніцай. Адкуль яна пра ўсё гэта даведалася – Віялета не магла растлумачыць нават самой сабе.
Натоўп даўно ўжо разышоўся, міліцыянер таксама пайшоў па сваіх справах, так што Віялета цяпер стаяла зусім адна. У руцэ ў яе быў моцна сціснуты невялікі брудны кавалачак тканіны.
Той юнак выглядаў зусім яшчэ дзіцём. Гадоў сямнаццаць-васямнаццаць, не больш… І як даверліва ён глядзеў на яе… І ведаў, пэўна ж, ведаў асноўнае правіла гульні!
Віялета рэзка трасянула галавой, нібыта адганяючы гэтым сваім жэстам так недарэчна набеглыя думкі.
– Чаму я?! – сказала яна гучна, з нейкім нават выклікам. – Чаму менавіта я?!
Брудны кавалачак тканіны выслізнуў з яе аслабелых пальцаў, зваліўся на тратуар. Вецер падхапіў яго і, разгойдваючы, панёс-пакаціў уздоўж вуліцы.
– Нават калі я і згаджуся зараз… – прагаварыла Віялета, гледзячы яму ўслед, – усё адно гэта нічога не зменіць, хіба не так?
Яна не чакала адказу, і ніхто ёй, вядома ж, не адказаў. І, пастаяўшы яшчэ крыху моўчкі і нерухома, Віялета