На беразе нікога не было.
– Ігар! – трывожным ліхаманкавым шэптам паклікала Хрысціна: – Ігар, ты дзе?!
Адказам ёй было абсалютнае маўчанне. Возера ляніва раскінулася перад імі, яно ляжала, перабіраючы хвалі, і яму не было аніякай справы да дваіх да паўсмерці перапалоханых чалавечкаў, якія так выпадкова патрапілі сюды, на ягоныя берагі. Возера не звяртала ніякай увагі на чалавечкаў, яно проста ігнаравала абаіх…
Ці, можа, прыкідваючыся абыякавым, уважліва сачыла за кожным іхнім рухам?!
– Ігар! – зноў выгукнула Хрысціна і, адпусціўшы, нарэшце, руку Андрэя, зрабіла крок наперад.
– Не падыходзь! – Андрэй схапіў дзяўчыну за руку і з сілай ірвануў на сябе. Яны сутыкнуліся, і Хрысціна, прытуліўшыся да Андрэя, горка заплакала.
– Ігар! – шаптала яна праз слёзы: – Божа мой, Ігар! Што ж гэта такое, Андрэй?! Што ж гэта такое!
А Андрэй нібыта скамянеў. І зрок, і слых, усе ягоныя пачуцці працавалі зараз на поўную магутнасць, і ўсе яны сігналізавалі аб небяспецы! Тое «штосьці», неверагоднае, жахлівае тое «штосьці», тое, што ніяк не магло існаваць у звышрацыянальным нашым свеце, і тым не менш, калі верыць словам учарашняга старога, усё ж існавала… і існавала менавіта тут, у лясным гэтым возеры, тое, чыёй апошняй ахвярай стаў Ігар – яно было дзесьці побач, зусім нават побач! Яно было побач і чакала толькі зручнага моманту для нападу, а пакуль проста сачыла за імі мёртвымі сваімі вачніцамі… І, магчыма, яму ўжо надакучыла проста чакаць…
– Пойдзем адсюль! – хрыпла прашаптаў Андрэй. – Хутчэй!
– А Ігар?!
Штосьці плёснула ў трыснягу… рыба не рыба, звер не звер… плёснула, зашапацела. Чуваць было, як хтосьці, вялізны і нязграбны, брыў праз густы трыснёг сюды, да берага. Потым да слыху скамянелага ад жаху Андрэя данёсся чыйсьці, выразна чутны ці то ўздых, ці то стогн…
– А-а-а! – нема закрычала Хрысціна, кідаючыся прэч. Андрэй пабег следам. І так яны беглі, не спыняючыся, нейкі час, беглі напрасткі, 35 праз густыя калючыя зараснікі. Яны беглі, а вогнішча ўсё не было і не было відаць і раптам перад імі… зноўку бліснула возера.
– О, божа! – прастагнала Хрысціна. – О, божа! І зноў яны беглі прэч, беглі па чужым, жудасным, злавесным гэтым лесе, а лес, нібыта жывая істота, усё спрабаваў неяк затрымаць іх, не выпусціць са сваіх уладанняў, балюча хапаючы сваімі каравымі пальцамі-галінкамі то за адзенне, то за валасы, то за твар… Яны беглі доўга, цэлую вечнасць і… зноў выбеглі на бераг возера, і спыніліся, зусім здранцвелыя ад жаху.
– Не магу больш! – закрычала Хрысціна. – Зрабі што-небудзь, чуеш! Зрабі што-небудзь!
У трыснягу зноў штосьці зашапацела, захрыпела, загукала… і зноў хтосьці вялікі ўпарта спрабаваў выбрацца на бераг… але Андрэй з Хрысцінай ужо беглі прэч, дакладней, бег Андрэй, а Хрысціну ён проста цягнуў