– Я бачу, цяжка табе ў хаце ўтрымацца! Глядзі ж, не пакінь дзяцей сіротамі!
Паўлюк расказваў, што чуў і ў што нельга было не верыць: за тыдзень у Моталі мясцовыя пасобнікі камунізму знішчылі блізка сарака чалавек, і ўсё ў маладым веку. Ён, Паўлюк, праўда, неяк паблажліва глядзеў на гэтакі гвалт, а бацьку вусцішна рабілася.
Шчыруючы далей у сваіх рэвалюцыйных высілках, камуністы, а сярод іх баявым імпэтам акурат вылучаўся малады Данік Плюнгер, вылавілі былых гмінных служачых, настаўнікаў – па прыкмеце іх службы дзеля ўмацавання польскага рэжыму, – а таксама іншых, несімпатычных ім асоб, якія не паспелі ўцячы, – чалавек пад восемдзесят. Іх колькі дзён трымалі пад арыштам у Моталі, а потым павезлі ў Пінск, каб перадаць савецкім уладам. Але ж улады адмовіліся ад паслуг заўзятай мотальскай чвані і ўсіх арыштантаў адпусцілі на волю, як што на той момант сабраныя не таілі ў сабе небяспекі для новага ладу.
Разам з іншымі вярнуўся з Пінска дадому і Клім Кузюр, апошні местачковы солтыс, з якім сябраваў Паўлюк Рамановіч. Варта зазначыць пры гэтым, што ў свой час солтыс Кузюр быў у прыяцельскіх адносінах і з некаторымі носьбітамі камуністычнай пераніцоўкі, не выдаваў іх, хоць ведаў багата чаго з мясцовага падпольнага брыку.
Аднак цяпер у іхніх адносінах да Кліма Кузюра адбыліся пэўныя змены, і, можа, лепш было б, каб ён назад у Моталь не вяртаўся. Але ж і Сібір пакуль такіх, як ён, не прымае – прастора ў яго таксама не гумавая.
Таму аднаго вечара Кузюра вывелі з хаты за пуню і выпусцілі яму ў патыліцу шэсць куль з рэвальвера.
Пятро Пісарчук даведаўся пра тое злачынства на другі дзень, калі ездзіў на ровары ў краму. Надарэнне нейкім дурным рыкашэтам закранула і яго сям’ю, яго сядзібу. Узрушаны, ён вярнуўся дадому і знайшоў Паўлюка. Той, нічога не ведаючы, парадкаваў дровы ў прыстрэшшы хлява.
– Ты чуў навіну? – спытаў бацька. – Кліма Кузюра забілі…
– Як?!
– А так…
– Што ты кажаш, бацька? Я ж учора надвячоркам быў у яго.
– От і гавораць, што гэта тваіх рук работа!
– Як? – Паўлюк трымаў у руках бярозавае палена і не ведаў, што з ім рабіць. – Я Кліма забіў? Я забіў Клі-і-ма?!
Белыя і ружовыя плямы пайшлі па яго твары. У роспачы ён запусціў паленам у кучу колатых дроў.
– Ну і людзі!..
22
Забойства былога солтыса Кузюра, надзіва прыстойнага і вабнага чалавека, які нікому не зрабіў шкоды, па ўсім відаць, перапоўніла чашу цярпення маладой, бы рдзяны парастак, савецкай улады і, уласна, бальшавікоў, што былі прысланыя сюды ці то з Менска, ці то з Масквы, каб апекаваць гэту ўладу